Skip to main content

Дзённік удзельніка XX пілігрымкі Гродна - Тракелі: 3 ліпеня

trakeli 2d 3“Людзі, прачніцеся, вочы адкрыйце, праслаўляйце Бога …" Жыхары Азёр развіталіся з намі з самай раніцы. Пасля св. Імшы пілігрымы ізноў вырушылі ў шлях.

trakeli 2d 9

Дзень другі.

Сёння адзін з самых лёгкіх дзён, таму ўсе паломнікі бадзёрыя: спявалі песні і скакалі. З намі ідуць таксама тыя, хто крочыў дзевяць дзён да Маці Божай Будслаўскай. Не разумею, адкуль маюць сілы, але яны вялікія малайцы! Адзін з іх, кс. Ян Раманоўскі, звярнуўся да нас з канферэнцыяй:

“Марыя з’яўляецца прыкладам веры. Гэта Яна паверыла Анёлу і сказала Богу сваё “так” у невядомасць. Гэта Яна цалкам даверыла свой жыццёвы шлях Усемагутнаму. Нябесная Маці вучыць нас бясстрашна несці веру праз жыццё, не зважаючы ні на што.

Вядома, нялёгка быць сапраўдным хрысціянінам. Але мы павінны па прыкладзе Марыі праходзіць праз усе цяжкасці. Наколькі моцная мая вера? Ці здольная яна ўздымаць мой дух? Як яе развіваю?

trakeli 2d 6

Вера – гэта не налепкі рыб на аўто, а тое, як мы рэалізуем сваё пакліканне. За словамі заўсёды павінны стаяць учынкі. Вера праяўляецца ў канкрэтных справах на хвалу Бога. Варта прасіць Найвышэйшага аб умацаванні веры. Пілігрымка з'яўляецца даволі добрым спосабам паглядзець на сябе з боку і “падсілкаваць” асабістыя адносіны з Нябесным Айцом.”

Традыцыйна другі дзень мае важную падзею: хрост пілігрымаў, якія ідуць у Тракелі ўпершыню. Усе павінны былі абраць хроснага бацьку ці маці, затым мы прамовілі “асаблівую” малітву, пасля якой усе сталі сапраўднымі паломнікамі.

trakeli 2d 1

Пілігрымы зусім не замучаныя, на пастоях гуляюць у валейбол, “ножкі”, амаль усе пакуль абыходзяцца без мазалёў. Лёгка пераадолелі 25 км і прыйшлі ў Астрыну, дзе заўсёды гасцінныя людзі разбіраюць усіх на начлег. Пасля супольнай малітвы паломнікі разышліся па дамам.

trakeli 2d 5

P.S. Але некаторыя ўключылі музыку і крыху патанчылі. У тым ліку і я.)

Радуйцеся кожнаму дню! З Богам!

Вольга Сяліцкая