Skip to main content

Прэзентацыя кнігі аб жодзішкаўскай і вішнеўскай парафіях адбылася ў Вішневе

wisznewa kniga 1124 чэрвеня, ва ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля, у Вішневе (Смаргонскі дэканат) адбылася прэзентацыя кнігі, якая распавядае пра жыццё ў былой Жодзішкаўскай гміне ў першай палове XX ст., а таксама пра гісторыю касцёла св. Юды Тадэвуша ў вёсцы Вішнева.


Выданне падзелена на дзве часткі: першая змяшчае ўспаміны Фелікса Жылкі пад назвай “Мае ўспаміны”, у другой прадстаўлена мастацка-дакументальная аповесць Анатоля Шчучкі “Святыняў маўклівыя цені”.


Першая частка кнігі ахоплівае 1900–1951 гады. У гэтых запісах адлюстраваны галоўныя здарэнні ў сям’і, узаемаадносіны паміж суседзямі, вернікамі розных канфесій, прыстасаванне да новых уладаў, жыццё гарадоў і мястэчак, у якіх па волі лёсу даводзілася апынуцца аўтару ўспамінаў.

У другой частцы аўтар не хацеў падаваць звесткі ў сухой энцыклапедычнай форме, таму вырашыў крыху расфарбаваць іх мастацкай фантазіяй. У выніку атрымалася мастацка-дакументальная аповесць “Святыняў маўклівыя цені”.

Прэзентацыя сабрала шматлікіх гасцей, а таксама аўтараў кнігі. Сваёй прысутнасцю святочную падзею ўшанавалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі са Свіры, кс. канонік Здзіслаў Ведэр SDB cа Смаргоні, пробашч з Жодзішак кс. Павел Калеснік, пробашч з Войстама кс. Уладзіслаў Сурвіла, вікарый парафіі Св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні кс. Артур Валчкевіч, кс. канонік, дэкан Астравецкі і біскупскі вікарый Юзаф Багдзевіч і супрацоўнік Catholic.by дыякан Мікола Гракаў.

wisznewa kniga 5

Прысутнічалі і шматлікія вернікі, якія захацелі лепш пазнаць гісторыю сваіх продкаў і ўшанаваць св. Яна Хрысціцеля, культ якога вельмі жывы на гэтых землях.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся вішнеўскі пробашч кс. Антоні Казлоўскі. Гаспадар урачыстасці падкрэсліў, што гэта вельмі значная і гістарычная падзея для парафіі, а кніга, якая пабачыла свет, яшчэ больш паспрыяе таму, каб багатая гісторыя гэтых земляў не загінула.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што па прыкладзе святога Яна Хрысціцеля “ўсе хрысціяне пакліканы дзяліцца радасцю веры, даваць сведчанне аб Хрысце сваім штодзённым жыццём, перасцерагаць тых, хто памыляецца, каб дапамагчы ім вярнуцца на шлях праўды і дабра”.

Як адзначыў іерарх, гэта нялёгкае заданне, “таму нам патрэбная вера і адвага на ўзор Яна Хрысціцеля, які заўсёды на першае месца ставіў вернасць Богу і Яго Закону”.

Біскуп Гродзенскі адзначыў, што ​Пан Бог звяртаецца да чалавека рознымі спосабамі, між іншым і праз добрае, будуючае чытанне.

“Няхай напісанае слова будзе носьбітам найпрыгажэйшых думак, няхай выклікае ў сэрцах чытачоў добрыя, высакародныя пачуцці, няхай пабуджае шукаць праўды, дабра і прыгажосці як у асабістым, так і ў грамадскім жыцці”, – пажадаў іерарх.

Ксёндз Павел Калеснік, пробашч з Жодзішак, выказаў словы падзякі ўсім, хто паспрыяў узнікненню кнігі.

Сам аўтар кнігі Анатоль Шчучко адзначыў, што штуршком для напісання гістарычнага выдання стала тое, што ён зацікавіўся гісторыяй парафіі, калі дапамагаў пры рэстаўрацыі 200-гадовага парафіяльнага абраза Яна Кшыштафа Дамеля “Святы Юзаф з Дзіцяткам Езусам на руках”.

Перакладчыца Таццяна Кляшчонак падзялілася, што ў першую чаргу ёй было цікава перакладаць “Мае ўспаміны” Фелікса Жылкі. Прысутны на ўрачыстасці Францішак Жылка ў сваім слове распавёў пра этапы выдання кнігі.

Пасля адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевич у інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці.

wisznewa kniga 18

На заканчэнне пробашч кс. Антоні Казлоўскі падзякаваў усім за прысутнасць на гэтай падзеі, гістарычнай не толькі для мясцовай парафіі, але і для ўсёй ваколіцы. Святар выказаў надзею, што гэтае новае выданне захопіць тых, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, і найперш людзей, якія звязаны з жодзішкаўскай і вішнеўскай парафіямі.

Вернікі ў гэты дзень маглі набыць кнігу і атрымаць аўтографы яе аўтараў.

Кніга была выдадзена ў сталічным выдавецтве “Энцыклапедыкс” накладам 200 асобнікаў.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Віктар Нагавіцын