10 чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Маці Божай Ружанцовай у Солах (Смаргонскі дэканат). Падчас Эўхарыстыі іерарх удзяліў групе вернікаў сакрамэнт канфірмацыі.
Вітаючы біскупа, пробашч кс. Леанард Станкоўскі адзначыў, што прысутнасць пастыра сярод сваіх верных заўсёды з’яўляецца вялікай падзеяй для парафіяльнай супольнасці. Святар звярнуўся з просьбай аб удзяленні сакрамэнту хрысціянскай сталасці вернікам, адпаведна падрыхтаваным да гэтага.
Падчас урачыстасці біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да кандыдатаў да канфірмацыі, заўважыў, што гэты дзень для іх – “пачатак станаўлення сведкамі Евангелля ў асяроддзях, дзе яны жывуць штодзень”.
Па словах іерарха, сённяшні свет будзе прапаноўваць моладзі шмат забаваў, якія ствараюць у жыцці пустэчу і бессэнсоўнасць, таму супраць гэтага маладыя людзі павінны мацней прыпасці да Езуса Хрыста.
На заканчэнне літургіі маладыя вернікі выказалі падзяку найперш біскупу, затым святарам, катэхетам, а таксама сваім бацькам і ўсім, хто дапамог ім належным чынам падрыхтавацца да прыняцця гэтага сакрамэнту і атачалі іх малітвай.
Яны абяцалі, што з прыняццем сакрамэнту канфірмацыі будуць старацца рэалізаваць свае задачы ў супольнасці Касцёла і ў хрысціянскім жыцці.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Віктар Качарга