27 мая ў шчучынскай парафіі Св. Тэрэзы Авільскай адбылася Імша падзякі за мінулы навучальны і катэхетычны год. Асабліва важным гэты дзень стаў для выпускнікоў. Падчас службы яны выказалі ўдзячнасць айцам піярам за духоўную падтрымку падчас школьных гадоў і даверылі Богу сваю будучыню.
Напярэдадні "Касцёльнай лінейкі" ў піярскім кляштары былі падведзены вынікі дзейнасці парафіяльных груп: літургічнай службы алтара, моладзевага хору "Каласанс" і дзіцячых гуртоў. Былі абраны "Найлепшы міністрант" і "Найлепшая харыстка". У сваю чаргу моладзь, якая сёлета скончвае навучанне і пакідае родны горад, атрымала ад святароў памятныя сувеніры.
У рамках развітальнай сустрэчы моладзь разам з бацькамі прынялі ўдзел у супольнай Эўхарыстыі і вячэрніх забавах каля вогнішча. На заканчэнне ўсе мелі магчымасць насалодзіцца святочным феерверкам.
Тэкст: а. Віталь Слука SP
Фота: Андрэй Арціш