Парафіяльны фэст пад назвай "Па-сямейнаму ў Духа" прайшоў у парафіі Святога Духа ў Гродне (мікрараён Альшанка). Падчас свята Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамант канфірмацыі мясцовым вернікам.
Парафіяльны фэст, прымеркаваны да ўрачыстасці Спаслання Святога Духа, распачаўся св. Імшой на касцёльным пляцы. У ёй прынялі ўдзел шматлікія вернікі, першакамунійныя дзеці разам са сваімі бацькамі, святары, а таксама манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр святой Ядвігі (ядвіжанкі).
Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч у Слове Божым разважаў над значэннем і роляй Святога Духа ў жыцці кожнага хрысціяніна.
"Дух Святы – гэта тая духоўная электрычнасць, якая нас ажыўляе, - сказаў іерарх. - Без Святога Духа мы з’яўляемся духоўна памерлымі; Святое Пісанне – толькі гістарычная і мастацкая кніга; Імша – толькі рытуал; сужэнства – толькі легальны спосаб жыць разам і г.д. Але са Святым Духам наша вера ажывае; Святое Пісанне становіцца жывым словам Бога; Імша – жывой прысутнасцю Езуса ў Эўхарыстыі. Дзякуючы Святому Духу сужэнства ўключае ў сябе Бога, Які падтрымлівае, падбадзёрвае і ўмацоўвае".
Звяртаючыся да моладзі, якая прымае сакрамант канфірмацыі, кс. абп Тадэвуш заклікаў не баяцца супрацьстаяць выклікам часу, плысці супраць цячэння сучасных амаральных тэндэнцый.
"Не дазвольце, каб сакрамант канфірамацыі стаў для вас сакрамантам развітання з Касцёлам. Гэта сакрамант новага пачатку, які адкрывае новую перспектыву ў вашым жыцці. Дазвольце Святому Духу дзейнічаць у вас і перамяняць, каб дзякуючы вам змяніўся воблік нашай зямлі", - падкрэсліў арцыпастыр.
Фэст у парафіі Святога Духа ладзіцца не ўпершыню, і кожны раз мясцовы пробаш кс. канонік Павел Салабуда дбае пра цікавую і насычаную праграму. Сёлета на свята ён запрасіў музычны гурт “VENI” з Навагрудка. Таксама ў межах фэста адбыўся выступ дзіцячага ансамбля "Анёлы", а маленькіх вернікаў чакалі конкурсы, салодкі стол і іншыя цікавыя забавы.
Кінга Красіцкая