Skip to main content

Пальмовая нядзеля ў Гродне: не бойся!

palmovaja grodna 3225 сакавіка ў Гродне ўрачыста адзначылі Пальмовую нядзелю. У гэты дзень на запрашэнне біскупа Аляксандра Кашкевіча адказала шмат маладых людзей, якія прыбылі з розных куткоў дыяцэзіі, каб пад дэвізам “Не бойся, Марыя, бо знайшла ты ласку ў Бога” (Лк 1, 30) разам адсвяткаваць Сусветны дзень моладзі.

Моладзь з усіх гродзенскіх парафій, з Ліды, Сапоцкіна і іншых месцаў прыбыла, каб засведчыць аб сваёй прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла, супольна вызнаць, што Панам іх жыцця і маладосці з’яўляецца Езус Хрыстус, якому яны жадаюць верна служыць.

Моладзь – будучыня Касцёла

Усе сабраліся на Бернардынскім узгорку, каб распачаць святкаванне нядзелі Мукі Пана. Там іх прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх благаславіў прынесеныя моладдзю пальмы – звычайныя, якія ўдзельнікі ўрачыстасці трымалі ў руках, і вялікія, якія дасягалі ў вышыню некалькіх метраў.

palmovaja grodna 3

Пасля працэсія вырушыла са спевам да катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя, дзе адбылася святая Імша. Падчас шэсця маладыя людзі спявалі, выказваючы так сваю веру і прыналежнасць да вялікай сям’і – Каталіцкага Касцёла. Працэсія была радаснай, бо ў ёй прымала ўдзел шматлікая моладзь, якая не саромеецца веры ў Бога, а выражае яе словам, учынкам і малітвай.

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што нядзеля Мукі Пана – дзень духоўнай еднасці з церпячым Езусам і Яго Балеснай Маці, якая вучыць асабліва маладое пакаленне адвазе і вернасці Божым законам.

“Мы прыходзім сёння, каб сказаць Марыі: “Не бойся, бо мы ніколі не пакінем Пана Бога. Не бойся, Марыя, бо заўсёды будзем старацца ісці шляхам Божых запаведзяў. Не бойся, Марыя, бо хочам захаваць скарб веры і перадаць яго наступным пакаленням””, – дадаў кс. Марціновіч.

palmovaja grodna 14

Па словах святара, жыццё не стаіць на месцы, а ідзе наперад, таму кожны павінен станавіцца лепшым чалавекам, які кожны дзень будзе змагацца за развіццё сваёй веры.

Mоладзь – прыгажосць Касцёла

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч скіраваў да маладых людзей сваё слова. “Будзьце ў сваім асяроддзі – месцах пражывання, вучобы і працы – сведкамі церпячага Езуса, які жадае мець адважных і адданых вучняў”, – сказаў іерарх. Біскуп прасіў, каб кожны малады чалавек быў апосталам міласэрнасці праз свае штодзённыя ўчынкі, словы і малітву.

Іерарх пажадаў усім прысутным, каб Вялікі тыдзень дапамог нанова адкрыць любоў Бога да кожнага чалавека і прынёс плён Божай ласкі ў штодзённым нясенні крыжа.

Пасля Імшы маладыя людзі яшчэ некаторы час праслаўлялі Бога рэлігійнымі песнямі. Сёлетняя Пальмовая нядзеля ў Гродне ў чарговы раз паказала, што Касцёл на Гродзеншчыне прыгожы, бо гэтую прыгажосць утвараюць і будуюць маладыя людзі, якія любяць Бога і адкрытыя на Божую ласку.

JM

Фота Вольгі Сяліцкай