1 лютага ў Ватыкане ў межах візіту ad limina Apostolorum адбылася прыватная аўдыенцыя, якую Святы Айцец Францішак удзяліў біскупам Беларусі. На сустрэчы прысутнічалі ўсе каталіцкія іерархі краіны.
У ходзе сустрэчы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч паведаміў, што Гродзенская дыяцэзія не так даўно адзначала юбілей 25-годдзя свайго заснавання, а ў мінулым годзе распачала гістарычную падзею, якой з’яўляецца І дыяцэзіяльны Сінод.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзяліўся вопытам Касцёла на Віленшчыне, з якога “нарадзілася” Гродзенская дыяцэзія, і яго вялікай прывязанасцю да Маці Божай Міласэрнасці.
Іерарх дадаў, што шлях вернікаў Касцёла на Гродзеншчыне да Найсвяцейшай Маці вельмі выхаджаны. “Верны люд нашай дыяцэзіі часта ў розных патрэбах душы і цела звяртаецца да Найсвяцейшай Панны Марыі”, – сказаў біскуп.
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі нагадаў пра святароў старэйшага пакалення, якія мелі шмат адвагі, каб вызнаваць веру і сваю прыналежнасць да Хрыстовага Касцёла нават у надзвычай цяжкіх абставінах, часта ў лагерах, і якім сёння наш Касцёл вельмі ўдзячны.
Святы Айцец пажадаў, каб сінадальныя пасяджэнні паспрыялі таму, каб Евангелле для вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі стала больш зразумелым, а чалавек быў бліжэй да Пана Бога і Яго ласкі, якую Ён яму штодзённа спасылае.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Ватыканскае радыё