13 студзеня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча з навучэнцамі і выкладчыкамі "Міждыяцэзіяльных курсаў сямейнага жыцця".
На пачатку сустрэчы біскуп у сваім слове звярнуў увагу на тое, што навучэнцы курсаў маюць асаблівую магчымасць пазнаваць і паглыбляць каталіцкую навуку ў сферы сям’і і сужэнства, а таксама актыўна ўдзельнічаць у абароне кожнага чалавечага жыцця.
Падчас сустрэчы былі ўручаны дыпломы выпускнікам, якія, у сваю чаргу, падзякавалі выкладчыкам і кіраўніцтву курсаў за веды, здабытыя ў перыяд навучання.
"Удзельнікі курсаў сямейнага жыцця становяцца сапраўднай сям’ёй, у якой могуць дзяліцца сваімі радасцямі і праблемамі, знайсці аднадумцаў у справе абароны традыцыйнай сям’і і новага жыцця", — падкрэсліла адна з выпускніц Анжэла Кузікевіч.
Потым навучэнцы 1 курса прадставілі тэатральную сцэнку. Таксама ўдзельнікі сустрэчы спявалі калядкі.
Пасля святочнай праграмы адбылося дзяленне аплаткай, калі ўсе мелі магчымасць скласці адзін аднаму віншаванні. Сёлетняя сустрэча прайшла ў вельмі адкрытай і радаснай атмасферы, калі кожны мог пачуць у свой адрас шмат добрых пажаданняў.
Потым за агульным сталом з гарбатай і печывам прысутныя абмяркоўвалі вынікі мінулага года і дзяліліся вопытам.
Iрына Мялешка
Фота: Юлія Радзевіч