6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, дзеці і моладзь з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне прадставілі калядную містэрыю пад назвай “Скрадзеная торба”.
Прадстаўленне, на якім прысутнічала вялікая колькасць гледачоў, адбылося ў мясцовым Доме культуры.
Кожны з прысутных мог не толькі пабачыць прыгожую гульню маладых акцёраў, пачуць спеў калядак, але і задумацца найперш над тым, як перажывае Божае Нараджэнне. Дзеці і моладзь імкнуліся паказаць тую вялікую праўду, што сустрэча з Богам заўсёды вядзе да перамянення сэрца.
Засяроджанне над сэнсам містэрыі падштурхоўвала кожнага да разважання і адказу на пытанне: ці сапраўды я спаткаў Бога, святкуючы Нараджэнне Пана ў гэтым годзе?
Падчас прадстаўлення падкрэслівалася, што святы Божага Нараджэння – гэта вельмі радасны час, калі людзі, выказваючы ўзаемныя віншаванні, адорваюць адзін аднаго вялікай дабрынёй, якая мае крыніцу ў Богу, што з любові да людзей стаўся чалавекам, каб падарыць усім вечнае шчасце.
Акрамя таго, адзначалася, што часам Бог вядзе людзей да збаўлення праз страх і цярпенне, што ў рэшце рэшт дае надзею і перамогу.
Праведзены ў сапоцкінскім Доме культуры час быў таксама добрай нагодай да супольнага спявання калядак і пастаралак і да новага перажывання падзей бэтлеемскай ночы.
Кс. Юрый Марціновіч