Манахіні Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) правялі калядную сустрэчу для дзяўчат. Духоўныя практыкаванні адбыліся 3-5 студзеня ў кляштары ў Навагрудку.
У сустрэчы прынялі ўдзел каля 40 дзяўчат з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзій.
Сёстры прапанавалі ўдзельніцам паразважаць над жыццём Езуса, Марыі, Юзафа і браць прыклад з Іх штодзённага ўзрастання ў любові і святасці. Падчас рэкалекцый цэнтральнымі падзеямі кожнага дня былі Эўхарыстыя і канферэнцыі, з якімі выступаў кс. Уладзіслаў Сурвіла, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Войстаме.
У канферэнцыях святар імкнуўся наблізіць сэнс святаў Божага Нараджэння і іх значэнне для жыцця кожнага чалавека. У апошні дзень рэкалекцый кс. Сурвіла казаў аб пагрозах татуіровак, забабонаў і амулетаў для сучаснай моладзі.
Быў таксама час на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту – магчымасць паразмаўляць з Панам сам-насам. Разважанне над Святым Пісаннем у форме скрутацыі было прысвечана тэме Божай любові, якая аб’явілася ў Яго Сыне.
Акрамя гэтага, удзельніцы мелі час на забавы, вясёлы вечар з бяспройгрышнай латарэяй і фільмы.
Можна сказаць, што падчас сустрэчы сабраныя імкнуліся стварыць адну вялікую сям’ю, на ўзор Сям’і Езуса Хрыста ў Назарэце, дзе панавалі мір, згода і любоў.
Кс. Юрый Марціновіч