4 студзеня ў гродзенскім касцёле Звеставання НПМ сабралася моладзь з душпастырства "OPEN", каб падзяліцца аплаткай і скласці адзін аднаму пажаданні. У сустрэчы прынялі ўдзел студэнты і працоўныя маладыя людзі горада. Прысутнічалі таксама былыя члены супольнасці, якія калісьці знайшлі сваю палоўку ў рамках душпастырства і на спатканне прыбылі са сваімі сем'ямі.
Святочнай вячэры папярэднічала св. Імша. Яе ўзначаліў прэфект семінарыі кс. Ян Раманоўскі. У службе прынялі ўдзел таксама кс. Анджэй Ганчар і душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцзіі кс. канонік Антоній Грэмза.
Звяртаючыся да сабраных, святар адзначыў, што часам дзеля таго, каб знайсці ісціну ці адкрыць для сябе штосьці каштоўнае, неабходна пайсці на рызыку. “Калі адчуваеш, што Бог заклікае рызыкнуць, проста ідзі за Ім. Нават калі твая разважлівасць або логіка стрымліваюць цябе, - дадаў кс. Антоній. – У жыцці кожнага хрысціяніна павінен быць момант поўнага даверу Госпаду. Не бойцеся выходзіць са сваёй зоны камфорту і будзьце адважнымі ў Хрысце".
Пасля Эўхарыстыі сабраныя мелі магчымасць паслухаць выступ гурта “ОPEN”, які выканаў традыцыйныя калядныя песні і некалькі навінак. У рамках канцэрту меў месца і дэбют: спявала маленькая верніца з парафіі на Альшанцы.
Супольны аплатак душпастырства праводзіцца штогод і заўсёды збірае шмат удзельнікаў, якія ствараюць радасную і сямейную атмасферу. Дзверы супольнасці заўсёды адкрыты для кожнага ў чаканні, што ў наступным годзе праз іх на святочную сустрэчу ўвойдзе яшчэ большая колькасць вернікаў.
Ангеліна Марцішэўская