З 28 снежня па 1 студзеня ў Базэлі (Швейцарыя) адбылася 40-я Еўрапейская сустрэча моладзі Тэзэ. У ёй удзельнічалі таксама маладыя людзі з Беларусі. Уражаннямі дзеліцца Аляксандр Манчак, салезіянін супрацоўнік з парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні.
“Я пазнаёміўся з Тэзэ яшчэ ў 2009 годзе ў Вільнюсе на рэгіянальнай сустрэчы моладзі і з таго часу вельмі ахвотна прымаю ўдзел у такіх сустрэчах, – распавядае Аляксандр. – Для мяне пасля Берліна, Рыма, Прагі і Рыгі гэта была ўжо пятая Еўрапейская сустрэча моладзі, на якую я з вялікім задавальненнем скіраваўся ў складзе маленькай групы салезіянскай моладзі, бо вельмі падабаецца малітва ў духу братоў Тэзэ”.
“Усё было вельмі добра, спакойна, чакана і без сюрпрызаў – і ранішняя малітва ў парафіі з разважаннем над Божым словам, і праца ў групах з пытаннямі, якія сёння турбуюць моладзь Еўропы, і магчымасць убачыць горад, культуру, традыцыі краіны, новыя знаёмствы са святарамі, сёстрамі законнымі і моладдзю з усёй Еўропы, супольная вячэрняя малітва з разважаннямі брата Алоіса”, – адзначае ўдзельнік.
“Сустрэча экуменічная, у ёй прымае ўдзел каталіцкая, праваслаўная і пратэстанцкая моладзь. I хоць шлях да аб`яднання хрысціян вельмі доўгі, такога роду сустрэчы адназначна яднаюць усіх тых, хто прыехаў, тых, хто прымае ў сваіх дамах пілігрымаў, усіх тых, хто шукае Бога, хоць і знаходзіцца кожны на сваім этапе шукання”, – кажа Аляксандр.
“Калі на гэта будзе воля Бога, то з вялікім задавальненнем праз год накіруюся ў Мадрыд на Еўрапейскую сустрэчу моладзі, якую ў 41-ы раз будуць арганізоўваць браты з хрысціянскай экуменічнай супольнасці з вёскі Тэзэ”, – дадае малады чалавек.
Пачатак гэтым сустрэчам, якія ўпісваюцца ў “Пілігрымку даверу па зямлі”, быў пакладзены ў 1970-я гг. братам Ражэ. У сёлетняй сустрэчы прымалі ўдзел каля 20 тыс. юнакоў і дзяўчат розных хрысціянскіх канфесій з усяго кантынента, у тым ліку з Беларусі.
Кс. Юрый Марціновіч