21 снежня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася вігілійная вячэра. На ёй сабраліся ўсе, хто ўтварае семінарыйную супольнасць: кіраўніцтва, навучэнцы, выкладчыкі і свецкія супрацоўнікі.
Прысутнічалі таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Перш чым настаў момант дзялення аплаткай, семінарысты з дапамогай калядак і падрыхтаванага сцэнарыя наблізілі для ўсіх прысутных святочную атмасферу. Было падкрэслена, што святы Божага Нараджэння – час прабачэння і любові, час надзеі на лепшае заўтра, а таксама што яны маюць сямейны характар.
Рэктар семінарыі кс. кан. Раман Рачко падзякаваў усім за прысутнасць і за тое, што ўтвараюць семінарыйную сям’ю.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў, каб сёлетнія святы былі сапраўднай сустрэчай з Богам, які прыходзіць з радасным пасланнем. Іерарх пажадаў таксама, каб кожны мог дакрануцца да гэтага паслання і стаць сапраўдным сведкам гэтай Божай любові.
Семінарыйная вігілія завяршылася спевам калядак, які з’яўляюцца неад’емным элементам святаў Божага Нараджэння. На наступны дзень семінарысты раз’ехаліся дадому і ў свае парафіяльныя супольнасці, каб разам з блізкімі адзначаць памяць уцелаўлення Божага Сына і ўключацца ў дапамогу пры сваіх парафіях.
Кс. Юрый Марціновіч