Skip to main content

Перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай прайшла ў гродзенскіх хоспісах

 hospis mbf 3Фігура Маці Божай Фацімскай, якая ў межах перэгрынацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі наведала ўсе парафіі, прыбыла на мінулым тыдні ў хоспісы №2 і №3 г. Гродна. У стацыянарах яе сустракалі вернікі, якія праходзяць лячэнне, і медыцынскі персанал. Адбыліся святыя Імшы і малітвы на ружанцы.

Ініцыятарам перэгрынацыі ў хоспісах выступіла Сацыяльна-дабрачынная ўстанова “Цэнтр Дапамогі Жыццю”, якая з нядаўніх часоў праводзіць актыўную працу з хворымі і пажылымі людзьмі ў Гродне.

Пацыенты хоспісаў з вялікай радасцю віталі Марыю – для іх гэта быў час асаблівай ласкі і малітвы, падчас якой яны маглі даверыць Маці Божай усе свае штодзённыя крыжы, хваробы і цярпенні.

Сустрэча пацыентаў хоспісаў з Марыяй у фацімскай фігуры з’яўляецца своеасаблівым дапаўненнем перэгрынацыі, якая адбывалася ў Гродзенскай дыяцэзіі з 13 мая па 22 кастрычніка гг.

hospis mbf 12

Маці Божая Фацімская аб’явілася людзям у 1917 г. У пачатку неспакойнага ХХ стагоддзя Яна абвясціла аб шэрагу прароцтваў, якія ажыццявіліся, і гэтыя аб’яўленні былі прызнаны Ватыканам.

Некалькі прароцтваў Маці Божай датычыліся і нашых земляў. Марыя прадказвала адраджэнне хрысціянскай веры, нягледзячы на эпоху атэізму. Таксама Яна прадбачыла дзве сусветныя вайны мінулага стагоддзя. Маці Божая Фацімская карыстаецца вялікім даверам і ўшанаваннем католікаў усяго свету.

Кс. Юрый Марціновіч