2 снежня ў касцёле Божай Міласэрнасці ў Гродне адбылася малітва ў абарону жыцця. У праграме сустрэчы былі Ружанец, святая Імша і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, a ўдзел у ёй прынялі вернікі з усяго горада – абаронцы чалавечага жыцця і яго святасці.
Сабраныя асабліва маліліся за ненароджаных дзяцей, за маці ў благаслаўлёным стане, за сем’і, якія жадаюць мець дзяцей, за медыцынскія і дзяржаўныя службы, каб баранілі кожнае жыццё.
З канферэнцыяй у межах сустрэчы выступіў кс. Ян Раманоўскі, прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, які адзначыў, што там, дзе Бог перастае быць фундаментам, чалавечае жыццё траціць сваю каштоўнасць.
Ксёндз Раманоўскі дадаў, што мы жывём у часы, калі каштоўнасць чалавечага жыцця ўвогуле змянілася. “Аборт для многіх стаў нормай і звычайнай справай, прычым забываюць аб тым, што калісьці казаў св. Ян Павел ІІ, што гэта цывілізацыя смерці”, - сказаў святар, тлумачачы, што сёння Касцёл, калі становіцца ў абарону жыцця ненароджаных, для многіх робіцца ворагам.
“Аборт – гэта самая першая прычына вынішчэння чалавецтва. Чалавек сёння хоча заняць месца Бога і вырашаць, што мае права на жыццё”, - заўважыў кс. Ян Раманоўскі. Святар нагадаў, што нацыя, якая забівае дзяцей, не будзе мець далейшай будучыні.
Святар звярнуў увагу таксама, што чалавек – гэта спалучэнне душы і цела, і заклікаў штодзённа змагацца за жыццё, не баяцца дзяліцца менавіта такімі сваімі поглядамі з іншымі і працаваць для культуры, якая выбірае жыццё.
Ксёндз Ян Раманоўскі заклікаў да малітвы за наша грамадства, каб у ім было адпаведнае месца для маральных каштоўнасцяў і магчымасці рэалізаваць запаведзь любові да Бога і бліжняга.
Падчас адарацыі ўдзельнікі дзякавалі Богу за дар жыцця і прасілі аб міры для свету, якому найбольш пагражаюць аборты. Атачылі малітвай таксама ўсіх, каму не хапае павагі да чалавечага жыцця.
Было нагадана, што задачу кожнага хрысціяніна ў справе абароны жыцця зачатых дзяцей, якая павінна быць нашым адказам на заклік Бога, можна звесці да трох найважнейшых пунктаў: шчырай трывалай малітвы, правільнага слова і добрага ўчынку.
Атакі на жыццё чалавека ў сучасным свеце ўзмацняюцца апакаліптычным чынам, бо акрамя старой пагрозы, якой з’яўляецца аборт, набірае моц эўтаназія. Таксама з’яўляецца вялізная небяспека ў сувязі з кланаваннем чалавека, з генетычнымі маніпуляцыямі, са штучным апладненнем in vitro.
Таму неабходна бараніць жыццё ўсімі сіламі, падтрымліваць яго і дапамагаць яму, каб яно расло да тых памераў, якія прадвызначыў Божы Провід у сваім збаўчым плане для кожнага чалавека.
Кс. Юрый Марціновіч