Skip to main content

Навучэнцы семінарыі ў Гродне пабывалі з пілігрымкай у Той, якая ў Вострай свеціць Браме

kl wilnia 18Апошнія дні мінулага тыдня для навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сталі сапраўды незвычайнымі, насычанымі рознымі падзеямі.

17 лістапада семінарысты атрымалі цудоўную магчымасць ажыццявіць паездку ў Вільню, усхвалены не адным пакаленнем вернікаў горад, каб ушанаваць вобраз Той, якая збірае ў гэтым святым месцы тысячы паломнікаў. Пабыць сам-насам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункай Гродзенскай дыяцэзіі, зачэрпнуць з нязмернай глыбіні Яе мацярынскай любові сілы, мудрасці, адвагі дзеля таго, каб працягваць несці свету моц Божага Евангелля было асноўнай мэтай сёлетняй пілігрымкі.

18 лістапада семінарыйная супольнасць таксама прыняла ўдзел ва ўрачыстай святой Імшы у касцёле св. Тэрэзы (побач з капліцай цудатворнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай), падчас якой малілася ў інтэнцыі ўсіх вернікаў беларускай зямлі разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, які яе цэлебраваў. Пасля гэтага кожны з семінарыстаў атрымаў унікальную магчымасць стаць ля падножжа цудадзейнага абраза Маці Божай Міласэрнасці і падзякаваць за ўсе атрыманыя ласкі, якімі Бог нястомна адорвае будучых святароў.

kl wilnia 24

Пілігрымка атрымалася надзвычай змястоўнай, багатай шматлікімі ўражаннямі і эмоцыямі. Яна дазволіла семінарыйнай супольнасці яшчэ больш адчуць сябе адзінай сям’ёй і паспрыяла духоўнаму станаўленню кожнага семінарыста  на дарозе да святарства.

Яўген Амасёнак, семінарыст