Skip to main content

Адвэнтавыя рэкалекцыі для Душпастырства студэнтаў

   Свята Божага Нараджэння ўсё бліжэй, і ўжо хутка малы Езус народзіцца ў нашых сэрцах. Толькі ад нас залежыць, як будуць выглядаць Яго народзіны. Будуць спакойныя і ціхія, у любові і прабачэнні ці мітуслівыя, у клопаце пра матэрыяльны дабрабыт? Час Адвэнту дадзены кожнаму чалавеку, каб падрыхтаваць сваё сэрца на сустрэчу з Богам. А для таго, каб правесці яго яшчэ лепш, нам дадзены рэкалекцыі – святы час!
З 17 па 19 снежня адбыліся адвэнтавыя рэкалекцыі для гродзенскай студэнцкай моладзі. Узначаліў іх кс. Міхаіл Цвячкоўскі MIC з дзевяціасабовай групай моладзі са Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі ў Беларусі і Украіне.
Рэкалекцыі распачаліся св. Імшой у Пабрыгіцкім касцёле. Першы дзень быў прысвечаны Божай Любові. Кс. Міхаіл у сваёй канферэнцыі стараўся наблізіць студэнтам сапраўдны вобраз Бога, вучыў адрозніваць яго ад фальшывых вобразаў, якія вядуць да знішчэння асабістых сувязей з Богам. Заахвочваў кожнага студэнта да таго, каб адкрыць сваё сэрца перад Богам, дазволіць Яму кахаць сябе і штодзённа запрашаць Госпада Бога да свайго паклікання. Гэта самае важнае: быць у сваім пакліканні разам з Ім!
Кс. рэкалекцыяніст распавядаў аб вялікай любові Бога да кожнага з нас, прыгадваючы фрагмент са Святога Пісання: "Горы могуць саступіць і пагоркі пахіснуцца, але мая любоў ніколі не адступіць ад цябе" (Іс 54,10). Праяўленнем такой любові з'яўляецца менавіта Эўхарыстыя. Бог кахае кожнага чалавека, таму што сам яго стварыў, менавіта таму ніколі не перастане яго кахаць. А праблема кожнага чалавека ў тым, што ён няздольны прыняць гэтую любоў.
Тэмай наступнага дня рэкалекцый быў грэх, наша асабістая вера і навяртанне. Маладыя асобы са Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі дзяліліся сваім вопытам і заахвочвалі бліжэй пазнаць Езуса Хрыста, нашага Госпада. Яны спрабавалі даць характарыстыку граху і акрэсліць яго функцыю: ён робіць нас залежнымі ад зла і ламае шчасце. Распавядалі пра тое, што карані граху крыюцца не ў саміх дрэнных учынках, а значна глыбей, трэба шукаць іх і прызнаваць грэх перад Богам. Евангелізатары гаварылі пра тое, што недахоп веры ў тое, што Бог мае план для кожнага з нас, адкрывае нашы сэрцы на грэх, упускаючы ў іх Злога Духа.
Апошні дзень рэкалекцый быў прысвечаны Святому Духу. Маладыя евангелізатары распавядалі пра дзейнасць Святога Духа ў сваім жыцці і жыцці кожнага хрысціяніна. Дапамаглі лепш зразумець, Хто гэтая Трэцяя Боская Асоба і якая Яе галоўная мэта: набліжэнне нас да Езуса. Ксёндз рэкалекцыяніст разам са сваёй групай моладзі маліўся за студэнтаў і прасіў аб тым, каб праліўся на іх Святы Дух. Рэкалекцыі суправаджалі штодзённая малітва праслаўлення, св. Імша, медытацыя і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Удзельнікі адвэнтавых рэкалекцый мелі таксама магчымасць сакрамэнту пакуты і паяднання.
Сёлетнія адвэнтавыя рэкалекцыі былі крыху іншыя, але кожны малады чалавек застаўся пад іх уражаннем і напэўна прынамсі на крок наблізіўся да свайго Госпада. Удзельнікі рэкалекцый змаглі адкрыць свае сэрцы на дзейнасць Святога Духа і належным чынам выкарыстаць святы час рэкалекцый. Лёгка распаліць у сабе агонь Божай любові, але сапраўднае мастацтва – вытрываць сярод жыццёвых цяжкасцей і не згасіць у сабе гэтага агню. Таму давайце папросім маленькага Езуса, каб Ён дапамог нам вытрываць у тым цяпле, якое дае нам Святы Дух, каб мы адкрывалі свае сэрцы на іншага чалавека, у якім – Бог. Давайце не баяцца быць тым трынаццатым апосталам, у сэрцы – верыць, а вуснамі абвяшчаць Тваю любоў, Божа!
Таццяна Раманчук