На мінулым тыдні мне давялося назіраць, як праходзіла неафіцыйная сустрэча дзесяці сясцёр з розных манаскіх супольнасцей. Месца дзеянняў – Закапанэ ў Польшчы (да рэчы, супольнасць сясцёр-назарэтанэк прадстаўляла наша гродзенская манахіня Тэрэза Кучынская). Усе гэтыя сёстры прысвяцілі сваё жыццё службе Богу і людзям, але кожная з іх выбрала ўласны шлях і спосаб выканання манаскага служэння. Я запыталася ў сясцёр, чаму яны выбралі менавіта тую супольнасць, у якой служаць: адно простае пытанне – дзесяць цікавых адказаў. Запрашаю.
1. Сястра Тэрэза. Кангрэгацыя Сясцёр Святой Сям’і з Назарэту
- Як вядома, сёстры-назарэтанкі большасць свайго часу прысвячаюць малітве за сем’і, працы з дзецьмі і іх бацькамі, а сям’я заўсёды з’яўлялася для мяне адным з найбольш цэнных дароў, я моцна люблю ўсіх сваіх блізкіх і далёкіх родзічаў.
Калі ўжо праходзіла падрыхтоўку да манаскага служэння, мне вельмі падабалася тое, чаму нас вучылі: сваёй вернасцю Езусу, сваёй працай і ахвярай мы падтрымліваем вернасць сужэнцаў, іх вернасць сваім абяцанням. Не магу не адзначыць, што на маё рашэнне мелі ўплыў таксама бласлаўлёныя сёстры-мучаніцы з Навагрудка. Яшчэ ў юнацтве я прачытала кнігу пра іх ахвярнае жыццё, і гэтая гісторыя моцна мяне натхніла, падштурхнула да ўступлення ў Ордэн Святой Сям’і з Назарэту.
2. Сястра Гражына. Кангрэгацыя Школьных Сясцёр Нотр-Дам
Я нарадзілася і расла ў Кельцах, Польшча. Іншых манаскіх супольнасцей, акрамя Кангрэгацыі Школьных Сясцёр Нотр-Дам, я не ведала, таму што ў маім мястэчку служылі толькі гэтыя манахіні. Напэўна, гэта і стала прычынай таго, што я да іх далучылася, хоць доўгі час я марыла аб місійнай супольнасці. Але не шкадую, што зрабіла менавіта такі выбар: Школьныя Сёстры Нотр-Дам – гэта марыйная супольнасць, якая вучыць дзяцей катэхэзам, утрымлівае дамы сацыяльнай дапамогі для хлопцаў, дзіцячыя сады, дамы дзіцяці, агульныя памяшканні для студэнтак. І ўся гэтая дзейнасць мне адпавядае і моцна падабаецца.
3. Сястра Францішка. Кангрэгацыя Сясцёр святой Ядвігі ад Беззаганнай Багародзіцы Панны Марыі
- Падчас гарбачоўскай “перабудовы” ў нашае мястэчка (нарадзілася і расла я ў Слуцку, Беларусь) пачалі прыязджаць манахіні. Як я пазней даведалася, гэта былі сёстры-ядвіжанкі. У той час яны былі для мяне, увогуле для ўсяго горада, нібы іншапланецяне. З цягам часу пачала пазнаваць сясцёр бліжэй, яны праводзілі для мясцовых дзяцей катэхэзу, вучылі розным цікавым рэчам, і я пачала адчуваць да іх вялікую сімпатыю. Калі распазнала сваё прагненне служыць Богу і людзям, тады, ні хвіліны не задумваючыся, вырашыла далучыцца да сясцёр-ядвіжанак. Ну, і, канешне, у маім сэрцы знайшоў водгук харызмат гэтых сясцёр – праца з цяжкімі дзецьмі.
Хачу яшчэ дадаць, што раней, падчас “перабудовы” і ў першыя гады пасля распаду Савецкага Саюза, сёстры-ядвіжанкі прыязджалі служыць з Польшчы ў Беларусь. А цяпер сітуацыя выглядае інакш: сёстры-ядвіжанкі з Беларусі едуць у Польшчу, таму што там не хапае сясцёр з гэтай супольнасці. Я, напрыклад, ужо год нясу сваю паслугу ў мястэчку недалёка ад Варшавы.
4. Сястра Нікадэма. Кангрэгацыя Сясцёр Божай Маці Міласэрнасці
- Я скажу проста: прыгожай з'яўляецца Божая Міласэрнасць і Пан Езус Міласэрны.
Шчыра кажучы, спачатку я хацела жыць і служыць у клаўзуры, але так здарылася, што мне ў рукі трапіў “Дзённік” св. с. Фаустыны, праз які я адкрыла ўсё багацце Міласэрнасці Езуса. Пасля прачытання “Дзённіка” мяне моцна пацягнула да сясцёр Божай Маці Міласэрнасці, і я вырашыла да іх далучыцца… Ну і, акрамя таго, мне вельмі спадабаліся іх уборы (смяецца).
5. Сястра Караліна. Кангрэгацыя Сясцёр Святога Фелікса з Канталічэ
Вялікі культ Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце, вялікі культ Маці Божай, нястомнае прагненне адкрываць Божую волю і выконваць яе, францішканская галеча, дух узнагароды (свой смутак і цяжкасці я ахвярую за свае грахі і грахі ўсяго свету; дзеля гэтага таксама часта адмаўляюся ад чаго-небудзь) – усё гэта рысы маёй супольнасці, і яны не маглі пакінуць мяне раўнадушнай. І яшчэ вельмі спадабалася тое, што сёстры з гэтай кангрэгацыі носяць вэлюм, які не хавае цалкам валасы.
6. Сястра Сергія. Кангрэгацыя Сясцёр Альбертынак, якія Служаць Убогім
Аб гэтай супольнасці я ўвогуле нічога не ведала. Аднойчы на працягу цэлага дня я хадзіла па польскім Кракаве ад касцёла да касцёла і шукала сясцёр у белых хабітах. Бо мне падабаліся белыя колеры. Так здарылася, што адзін ксёндз заўважыў, як я хаджу ад кляштара да кляштара (ён некалькі разоў праязджаў каля мяне на аўтамабілі) і спыніўся, каб запытацца, што шукаю. Калі святар пачуў мой адказ, то сказаў, што ў яго ёсць каталог розных манаскіх супольнасцей Кракава. Ён паказаў гэты каталог, і я выпісала для сябе на асобнай паперцы 10 розных супольнасцей. Затым сказала ксяндзу, што заплюшчу вочы і куды траплю пальцам, да той супольнасці і далучуся. Але памятала, што ўверсе спісу я размясціла назву кангрэгацыі сясцёр у белых хабітах – дамініканак - і спецыяльна меціла ўверх паперкі. Калі я расплюшчыла вочы, аказалася, што я трапіла на сясцёр-альбертынак. Я, шчыра кажучы, вельмі засмуцілася, бо ўвогуле не ведала, што гэта за сёстры. Але ксёндз пачаў мяне суцяшаць: “Ты паабяцала Богу, дзе трапіш пальцам – туды і пойдзеш. Едзь да гэтых сясцёр і паглядзі”. Я так і зрабіла: паехала да сясцёр-альбертынак, якія як раз праводзілі рэкалекцыі для дзяўчат. І… я там засталася. І нясу манаскую паслугу як сястра-альбертынка ўжо 30 гадоў.
А зачапілі сёстры-альбертынкі мяне, канешне, сваім харызматам – дапамога ўбогім, усім тым, хто мае патрэбу. Менавіта ў гэтым я бачу Езуса Хрыста.
7. Сястра Патрыцыя. Кангрэгацыя Сясцёр Марыі Беззаганнай
Сёстры з Кангрэгацыі МБ былі першымі сёстрамі, якіх я пазнала. Мне спадабалася тое, што распавядала манахіня пра гэтую супольнасць. Супольнасць сясцёр МБ узнікла для таго, каб дапамагаць дзяўчатам і жанчынам, асабліва тым, якія адчуваюць маральную пагрозу або знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі. Але больш за ўсё мне спадабалася тое, што сёстры з супольнасці МБ атачаюць жанчын не толькі духоўнай, але і матэрыяльнай апекай, забяспечваюць ім годныя варункі жыцця.
Я ўбачыла, што ў гэтай супольнасці сёстры перш за ўсё намагаюцца ўбачыць, адкрыць Бога ў іншым чалавеку. І перш за ўсё яны намагаюцца ўбачыць Бога ў тых, кім іншыя пагарджаюць.Сёння нашая супольнасць займаецца пераважна тымі дзяўчатамі і жанчынамі, якія трапілі ў рукі гандляроў людзьмі; тымі, якія зацяжарылі і думаюць пра аборт ( у тым выпадку, калі іх сумневы адносна дзіцяці выходзяць з таго, што ім няма куды пайсці). Мы даем гэтым дзяўчынам дах над галавой, ежу, шукаем для іх месца працы, дапамагаем атрымаць адукацыю.
Супольнасць Сясцёр Марыі Беззаганнай існуе для таго, кааб кожнай хвілінай жыцця служыць бліжняму.
8. Сястра Бэата. Кансэкраваная дзяўчына
Я ніколі не мела прагнення далучыцца да якой-небудзь манаскай супольнасці. Тая форма кансэкраванага жыцця, якую я выбрала, адрозніваецца ад звычайнай формы такога жыцця. Я жыву ў свеце, звычайна функцыяную ў ім, працую (пішу розныя абразы, якія ідуць на продаж, і з гэтага жыву). Але я дала Езусу зарок чысціні. Магу жыць разам з бацькамі, сяброўкамі і г.д., акрамя хлопца, зразумела… Я не магу выйсці замуж за “зямнога” мужчыну, бо ўжо прысвяціла сваё асабістае жыццё Езусу.
Кожны год я павінна аднаўляць свой зарок чысціні, а падрыхтоўка да складання гэтага зароку ў мяне трывала на працягу 7 гадоў… Гэты час сапраўды патрэбны, каб пазней магчы вытрываць у чысціні ўсё жыццё.
Адразу скажу, што такое жыццё не з’яўляецца лёгкім, але Езус аддае мне на 100% больш, чым я Яму. Для мяне гэта - ідэальнае пакліканне.
9. Сястра Эстэра. Кангрэгацыя Сясцёр-Служак Найсвяцейшага Сэрца Езуса
Ужо пасля першай Святой Камуніі я ведала, што хачу прысвяціць сваё жыццё Езусу, але пра жыццё ў манаскай супольнасці я ўвогуле не думала, шукала іншыя шляхі. Аднак з цягам часу, пасля розных пілігрымак і рэкалекцый, зразумела, што хачу стаць манахіняй, трэба было толькі вырашыць, да якой супольнасці далучыцца. Падказку доўга чакаць не прыйшлося: аднойчы мне прысніўся Езус, які ўказваў рукой на сваё сэрца, а праз некаторы час я пазнаёмілася з сястрой-сэрцанкай. І зразумела, што павінна ўступіць у кангрэгацыю Сясцёр-Служак Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
10. Сястра Грац’яна. Вучаніцы Крыжа
Прапаную прачытаць асобны артыкул пра сястру Грац'яну і яе новаўтвораную манаскую супольнасць па спасылцы.
Фотаздымкі некаторых сясцёр адсутнічаюць з прычыны існавання забароны сярод некаторых манаскіх супольнасцей размяшчэння асабістых фота ў інтэрнэце.
Ангеліна Марцішэўская