Skip to main content

"Мужчына - апостал Хрыста". Рэкалекцыі для мужчын адбыліся ў Тракелях

trakrek 4З 25 па 27 верасня ў Тракелях адбыліся чарговыя штогадовыя рэкалекцыі для мужчын, арганізатарам якіх была асацыяцыя "Мужчыны Святога Юзафа" (МСЮ) і апякун супольнасці кс. Віктар Ханька.

18 мужчын прыбыла на дадзеныя рэкалекцыі. Усе ўдзельнікі руху МСЮ, з Гродна і Ліды. На жаль, больш ніхто не адгукнуўся на нашае запрашэнне. Але ад гэтага настрой не стаў горшым. Я ўпэўнены, што прыбылі тыя мужчыны, якія сапраўды шукаюць адносін з Богам, і гатовыя дзеля гэтага ахвяраваць асабістым часам.

Рэкалекцыі былі прысвечаны тэме "Мужчына - апостал Хрыста". Былі разгледжаны пытанні, якія так ці інакш датычаць нашых узаемаадносін з Хрыстом, а таксама нашых паўсядзённых сітуацый і таго, як у іх дзейнічаць.   Пятніца пачалася са святой Імшы. Затым адбылася братэрская вячэра, за якой паспелі падзяліцца, хто чым жыве і некаторымі канкрэтнымі момантамі з жыцця. Пасля адбылася першая канферэнцыя, якая прыадчыніла тэму "Мужчына - вучань Хрыста".

У першай канферэнцыі кс. Віктар рабіў акцэнт на тым, што мы шмат можам даследаваць Хрыста, Яго дзейнасць і тое, як мы павінны ажыццяўляць або ўвасабляць у нашае жыццё запаведзі Госпада, але без Духа Святога нічога не атрымаецца. З Евангелля мы памятаем, што нават пасля ўваскрасення Хрыста вучні не былі гатовыя да той місіі, якую падрыхтаваў для іх Езус. Толькі ў дзень пяцідзясятніцы яны атрымалі сілу, мудрасць, адвагу да абвяшчэнне Слова. Вучні сталі настаўнікамі з новымі поглядамі.

Вось і мы павінны напоўніцца так Духам Святым, каб у нас быў бачны плод Духа. Каб навакольныя бачылі ў нашых дзеяннях і словах Хрыста.

Прыводзілася мноства прыкладаў і сведчанняў, якія кранулі нашыя сэрцы.

Субота была самым насычаным днём, які пачаўся з агульнай малітвы непасрэдна ў касцёле, пры абразе Маці Божай Тракельскай. Затым сняданак і другая канферэнцыя, якая была прысвечана пытанню фінансаў. Вельмі глыбокая і складаная тэма, асабліва ў наш час. Тут акцэнт ставіўся на даверы Богу, на тое, што Езусу важна нашая згода на Яго кіраўніцтва ў гэтай сферы. Таксама гаварылася і пра тое, што такім першым і, мабыць, самым цяжкім крокам на шляху "фінансавага даверу" з'яўляецца дзесяціна.

Трэцяя канферэнцыя тычылася пытання "Крызіс і цяжкасці ў нашым жыцці". Тут гаварылася пра тое, што крызіс з'яўляецца пераломным або пераходным момантам у нашым духоўным жыцці. Прайшоўшы які, Госпад нам пакажа новыя, абсалютна іншыя гарызонты адносін з Ім. Госпад жадае, каб у нашых адносінах з Ім, быў не страх перад пакараннем, а любоў.

trakrek 1

Таксама рабіўся акцэнт на тое, што падчас якіх-небудзь выпрабаванняў і цяжкасцяў у нашым жыцці, мы павінны не скардзіцца, а дзякаваць і славіць Госпада. Бог ніколі не дасць, ці не дапусціць выпрабаванняў у нашае жыццё звыш нашых сілаў. Цяжка ўсё гэта перадаць у пісьмовай форме. Вельмі каштоўна знаходзіцца падчас падобных канферэнцый непасрэдна пры пропаведзі. Таму што, калі гэта ўсё гаворыцца ў блаславёнай абстаноўцы, з прыведзенымі прыкладамі з Пісання і асабістымі сведчаннямі, то сэрца гатова прыняць тое, што гаворыць нам Дух Святы праз вусны прапаведніка.

Пасля абеду і перапынку на адпачынак была адарацыя. Падчас яе зачытваліся ўрыўкі з Бібліі, выконваліся песні праслаўлення, таксама быў час цішыні для разважанні перад целам Хрыста, і, вядома ж, споведзь. Атмасфера была ўзрушаючая - прысутнічала ўрачыстасць, і ў той жа час утульнасць, цяпло, блізкасць тых, хто сабраўся ў Духу і натуральнасць. У сэрцах панаваў мір і спакой, а таксама поўнае разуменне таго, што Дух Божы прысутнічае сярод нас.

Пасля адарацыі адзін з братоў падзяліўся сваім сведчаннем пра тое, як для яго адкрылася Слова Божае, на тэму таго, што кажуць нашыя вусны, і якая сіла з іх зыходзіць. Трэба заўважыць, што тэма не простая і глыбокая, але радасная ад таго, што нікога яна не пакінула абыякавым. Узнікла гарачая дыскусія напоўненая асабістымі поглядамі і эмоцыямі. Радуе, што браты не абыякавыя ў пытаннях рэалізацыі прынцыпаў веры ў жыцці, яны гатовыя і любяць везці дыскусіі ў рамках тэмы. Вельмі важна, адчуваць мяжу паміж дыскусіяй і спрэчкмі і не перасякаць яе. У такой атмасферы брацкай дружбы мы вучымся гаварыць пра Хрыста, пра Яго Слова, і не проста казаць як бездапаможныя вучні, а казаць з сілай, як апосталы.

trakrek 2 trakrek 3

На завяршэнне дня адбылася заступніцкая малітва, пасля якой кс. Віктар блаславіў нас на адпачынак. Увечары правялі міні-турнір па шахматах.

Нядзеля пачалася з агульнай малітвы, сняданка, сведчання братоў. Рэкалекцыі скончыліся святой Імшой.

Пакідаючы Тракелі, адчувалася фізічная стомленасць, але дух быў перапоўнены Божай прысутнасцю. Спадзяемся, што ў хуткім часе зможам арганізаваць новыя рэкалекцыі.

Асаблівую падзяку выказваем пробашчу дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай у Тракелях кс. Аляксандру Рудзевічу за прадстаўлены нам начлег і месца, дзе праходзілі рэкалекцыі. Таксама дзякуем гаспадыням, якія кармілі нас у гэтыя дні. Дзякуем кс. Віктару Ханька за яго актыўны ўдзел і прысвячэнне, за падрыхтоўку канферэнцый. Ну і, вядома, дзякуем усім мужчынам, якія былі з намі, і іх сем'ям.

Анатоль Канарскі (МСЮ)