У Мінску створана ініцыятыўная група па арганізацыі святкавання 500-годдзя Беларускай Бібліі ў 2017 годзе. Улетку 1517 года беларускі асветнік і першадрукар Францыск Скарына выдаў перакладзеную на народную мову "Псалтыр", што стала пачаткам эпохі культурнага і эканамічнага росквіту.
У першым пасяджэнні 9 верасня прынялі ўдзел навуковец Алесь Жылка, тэлевядучы і гісторык Юрый Жыгімонт, рэктар Біблейскага каледжа ХВЕ Пётр Ашэйчык, кіраўнік грамадскай арганізацыі "Хрысціянская дзелавая ініцыятыва" Георгій Дзмітрук, пастар і біблеіст Антоній Бокун, пісьменнік і журналіст Павел Севярынец, выдавец і грамадскі дзеяч Сяргей Карнюшка, музыка Аляксандр Віслаўскі і іншыя.
У бліжэйшых планах ініцыятыўнай групы перайсці да стварэння камітэта па святкаванні 500-годдзя беларускай Бібліі, да працы ў якім запрашаюцца прадстаўнікі дзяржаўнай і мясцовай улады, навуковых, адукацыйных, рэлігійных арганізацый, усе зацікаўленыя асобы. Адна з ідэй — звярнуцца да ўрада і грамадскасці з прапановай надаць 2017 году статус года Бібліі ў Беларусі.
Наступнае пасяджэнне ініцыятыўнай групы плануецца правесці 23 верасня. Прапановы па ўдзелу можна накіроўваць на электронную пошту bible.people.by@gmail.com.
Паводле krynica.info