15 жніўня у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны, Ліда-Індустрыяльны, адбылася Адпустовая Св. Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Разам з урачыстасцю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны парафіяне адзначылі свой юбілей. Вернікі дзякавалі Богу за 15 год існавання парафіі і за ўсіх айцоў піяраў, якія праз сваё служэнне ў парафіі дапамагалі наблізіцца да Бога.
Гамілію прамовіў а. Андрэй Жылевіч OFMCap, падчас якой была звернута ўвага на важнасць шанавання Марыі. Да тых жа, хто лічыць, што Марыя з’яуляецца звычайнай жанчынай, нягоднай шанавання, было звернута пытанне: “Як потым вытлумачыць Езусу, што мы не шанавалі Яго маці?” Сапраўды, менавіта Марыя з’яўляецца прыкладам для нас. Яе сэрца заўсёды было напоўнена любоўю да Бога. Яшчэ святы Ян звяртаў увагу на тое, што Унебаўзятая Марыя не толькі паказвае нам шлях да неба, але таксама чакае нас і дапамагае ў дарозе. "І знак вялікі паказаўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі ў яе, і на галаве яе вянок з дванаццаці зорак." (Ап 12, 1).
Бог чакае ад нас слова “дзякуй”
Ва усім свеце галадае больш за мільярд людзей, таму парафіяне не забыліся падзякаваць Богу за добры ураджай, за тое, што маюць ежу і могуць ёю дзяліцца з іншымі.
Айцы піяры, якія працуюць у парафіі Ліда-Індустрыяльны, выказваюць словы падзякі ўсім, хто раздзяліў радасць з імі: асабліва моладзеваму хору „Calazans” са Шчучына, які сваім спевам дапамагаў праслаўляць Бога і Яго Маці, ксяндзу біскупу Юзафу Станеўскаму, таксама айцу Андрэю Жылевічу OFMCap, айцу Андрэю Роўба – дзекану лідскаму і пробашчу парафіі ў Ваверцы, а. Віталію Слука SP са Шчучына, ксяндзам Уладыславу Сурвіла, Юзафу Ганчыцу, Андрэю Зноско, Віктару Савіцкаму, Рышарду Пэрчаку, Пятру Кубэлю, Валянціну Хведуку.
Анастасія Цыбульская