15 жніўня Каталіцкі Касцёл адзначае адно з самых прыгожых святаў - Унебаўзяцце Найсвяцейшай Марыі Панны. Праўду аб Унебаўзяцці Марыі Касцёл абвясціў як догмат веры, але ў той самы час Біблія нічога не гаворыць пра цялеснае Ушэсце на неба Святой Маці. Праўда аб гэтым перадаецца нам з Традыцыі Касцёла і з пасрэдніцтвам апостала Тамаша.
Калі адчула блізкую смерць, Найсвяцейшая Маці Божая паклікала ўсіх апосталаў, каб з імі развітацца. На трэці дзень да месца пахавання Марыі прыйшоў апостал Тамаш, які не быў пры сконе Найсвяцейшай Панны. Пасля раскрыцця грабніцы выявілася, што рэшткі Маці Божай адсутнічаюць. Замест іх у грабніцы былі толькі ружы і чуўся спеў анёлаў.
Афіцыйным дэкрэтам дагмат аб Унебаўзяцці Марыі быў прыняты Святым Айцом Піям XII у 1950 годзе.
Для каталікоў усяго свету Марыя з'яўляецца сімвалам плёну, які ўзрос на гэтай зямлі і адкрыўся на Бога. Таму свята цялеснага Ушэсця Марыі на неба звязана з пасвячэннем першых пладоў ураджаю.
Так і вернікі Гродзенскай дыяцэзіі сабраліся ў дзень 15 жніўня на св. Імшы ў сваіх парафіях, каб падзякаваць Богу за ўраджайны год і асвяціць найпрыгажэйшыя плёны сваёй працы, як сімвал таго, з чым яны стануць перад Госпадам пасля свайго зямнога жыцця.
Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая