У суботу 15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны, адбыўся парафіяльны фэст у касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Дудах ( Іўеўскі район). Пра самыя цікавыя, сур'ёзныя і пацешныя моманты Дудаўскіх урачыстасцяў распавядае блогер Арцём Ткачук.
Вёска сустрэла моцным водарам попкорну, вуліцамі незвычайна заваленымі машынамі і рознакаляровымі стужачкамі завязанымі на штынкенцінах платоў. Ля касцёла сабралася неверагодная па тутэйшых мерках колькасць людзей, якія нешта набывалі ў палатках, на кожным кроку віталіся са знаёмымі і адыходзілі на бок, каб перакінуць некалькі словаў. “Не хачу я ісці туды”, - пярэчыў унук сваёй бабулі, калі тая загадала яму ісці ў святыню. Ля храма ўтварылася настолькі радасная і святочная атмасфера, што, напэўна, многія падумалі гэтаксама перад пачаткам св. Імшы.
Увесь час сонца няўмольна паліла, але як належыць тутэйшым людзям, усе нерухома стаялі і толькі зрэдку моўчкі выціралі спацелыя твары. У пэўны момант, дзесьці збоку, пачуўся адчайны дзіцячы шэпт: “Мама, можа мы паедзем ужо ў другі касцёл?”. Жнівеньскай гарачыні не атрымалася зменшыць, але шэрагі прысутных вернікаў рушылі і ў бурную раку працэсіі далучылася нават бабуля, якую, знямоглую 15 хвілін таму, мужчыны амаль вынеслі са святыні.
Вакол касцёла ўсе астраўкі ценю былі апанаваны святарамі, кожны з якіх сабраў даўжэзную змейку ахвотных паспавядацца. Складвалася пачуццё, што гэтыя чэргі ніколі не скончацца і толькі пад канец літургіі, нібы страціўшы ў пасляабедзеннай духаце церпялівасць, трайныя стукі па драўніне значна прыспешылі. На камунію пасля імшы набілася з поўсвятыні.
Урачыстае благаслаўленне. Ручайкі запыленых машынаў і пешых парафіян запоўнілі ўсе мясцовыя шляхі. Нібы праваліўшыся пад зямлю зніклі ўсе гандляры. Святкаванне перамясцілася на падворкі і ў хаты. Ужо заўтра жыццё Дудаў вернецца ў сваё звычайнае рэчышча. Ціхае, спакойнае і месцамі млявае. Фэст нібы ўварваўся ў рэчаіснасць і, павіраваўшы, схаваўся да наступнага года. Застаюцца толькі ўспаміны. І ціхая надзея дажыць да наступнага.