Сёлетняя VII парафіяда Гродзенскай дыяцэзіі, якая прайшла пад дэвізам “Навярні нас, Пане, і да Цябе вернемся”, сабрала амаль паўтысячы маладых вернікаў з 33 парафій дыяцэзіі. Моладзь, як і штогод, спрабавала свае сілы ў спартыўных спаборніцтвах, рэлігійных і тэатральных конкурсах.
Адметным стала тое, што ў гэтым годзе спартыўна-творчую моладзевую сутсрэчу наведалі біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Урачыстае заканчэнне парафіяды, якое адбылося 25 чэрвеня ў касцёле імя Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў парафіі Гродна-Паўднёвы, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Пасля ранішняй св. Імшы прызёры спаборніцтваў атрымалі з рук Гродзенскага ардынарыя і арганізатараў узнагароды і памятныя падарункі.
І. месца заняла парафія Святой Сям’і ў Лідзе,
ІІ. – парафія Беззаганнага Зачацця НМП у Гродне (Гродна-Паўднёвы),
ІІІ. – парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіна.
У кожным элеменце трыяды "святыня — тэатр — стадыён" таксама былі вылучаны пераможцы:
"святыня" - парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах,
"тэатр" - парафія Святой Сям’і ў Лідзе,
"стадыён" - парафія Беззаганнага Зачацця НМП у Гродне (Гродна-Паўднёвы).
Пасля заканчэння цырымоніі ўзнагароджвання моладзь падзялілася сваімі ўражаннямі ад парафіяды з парталам grodnensis.by.
Юліан Пяцельчыц, парафія Беззаганнага Зачацця НМП у Гродне (Гродна-Паўднёвы).
Я ўжо не першы раз прымаю ўдзел у гродзенскай парафіядзе, дзякуючы ёй я таксама меў магчымасць удзельнічаць ў парафіядзе ў Польшчы. Люблю розныя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, медалькі збіраць. Хачу асабліва падзякаваць валанцёрам Марэку і Віктару, а таксама адзначыць, што на парафіядзе вельмі смачна кармілі.
Адамовіч Павел, парафія Святой Сям’і ў Лідзе.
Люблю спартыўныя спаборніцтвы - бег, футбол - усе добра арганізаваныя, таму эмоцыі перапаўняюць.
Вікторыя Рамановіч, парафія імя св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На парафіядзе я ў якасці гледача. Усё жвава, усё па-добраму. Ідзе напал страсцей на спаборніцтвах, цікава назіраць за эмоцыямі ўдзельнікаў: нягледзячы на тое, што яны супернікі, яны памагаюць адзін аднаму.
Рабецкая Аліна, парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах.
Гэта парафіяда мне спадбалася значна больш, чым леташняя. Выдатная арганізацыя, смачная ежа, усе дружныя.
Паўлоўскі Аляксандр, парафія св. Міхала Арханёла ў Ашмянах.
Я першы раз удзельнічаў у парафіядзе і больш за ўсё мне спадабаліся спартыўныя конкурсы, асабліва настольны тэніс і футбол.
Мажэна Талочка, парафія Беззаганнага Зачацця НМП у Гродне (Гродна-Паўднёвы).
Мне вельмі спадабалася прымаць удзел у конкурсе малюнкаў. Я заняла 2-ое месца ў катэгорыі С. Увогуле я ўжо не першы раз прымаю ўдзел у парафіядзе і заўважыла, што яна з кожным годам выходзіць на новы лепшы ўзровень, вялікі дзякуй арганізатарам за гэта. Таксама падзякаваць хачу 32-ой школе за смачную ежу.
Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская
Фота: Рэната Міскавузая, Вольга Сяліцкая