13 чэрвеня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску з рук біскупа Антонія Дзям’янкі прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне дыякан Чэслаў Ладыка.
Пад час гаміліі біскуп узгадаў, што “святар знаходзіцца на службе еднасці. У Касцёле душпастырства, служэнне еднасці належыць найперш святарам, і яны прымаюць абавязак клопату аб збаўленні іншых, аб праўдзе, любові і святасці Божага Народа, аб духоўнай еднасці Касцёла».
Вядома, дарога святара вельмі складаная, але, па словах біскупа, для таго, каб у розных абставінах захаваць унутранае адзінства свайго жыцця, святару неабходна “ўнутранае адзінства з Хрыстом”. “Неабходна, каб такая еднасць прысутнічала ў свядомасці, а затым ва ўчынках”.
Таксама іерарх зазначыў:“Той, хто памятае, што ўсе мы - дзеці аднаго Айца, і хто верыць, што ў Езусе Хрысце Бог стаў нашым братам, той у людзях, якія з ім побач, убачыць братоў і сясцёр і так да іх будзе адносіцца. Чым больш святар будзе злучаны з Хрыстом, тым мацнейшае будзе братэрства са святарамі, бо любоў да Бога з’яўляецца такой мерай, і наадварот”.
На цырымоніі пасвячэння прысутнічалі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, рэктар Гродзенскай духоўнай семінарыі кс. Раман Рачко, пробашч парафіі Гродна-Катэдра кс. Ян Кучынскі, святары з парафіі Гродна-Вішнявец Ян Этэль і Эдвард Сінкевіч, дыяканы Ян Варанецкі, Павел Скуба, Андрэй Белаблоцкі, Дзмітрый Папянюк, святары з парафій Пінскай дыяцэзіі, а таксама родныя, блізкія і сябры новапрэзбітэра.
Прыміцыйная Імша прайшла 14 чэрвеня ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку.