У Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі праходзіць экспазіцыя "Падарожжа па Палесціне", якая ўпершыню прадстаўлена ў нашым горадзе па ініцыятыве амбасады Палесціны ў Беларусі. На выставе прадстаўлены больш за 70 эксапантаў, якія паказваюць традыцыйныя народныя рамёствы Палесціны і адметнай рысай якіх з'яўляюцца хрысціянскія матывы.
Выстава змяшчае дзіўныя па разнастайнасці стыляў вырабы з керамікі, якімі Палесціна славіцца ва ўсім свеце.
Розныя вырабы з марскіх ракавін і перламутру, якія бяруць свой пачатак яшчэ ў XVII стагоддзі, калі ў Палесціну прыбылі францысканскія манахі. Сёння жа Палесціна з’яўляецца цэнтрам вытворчасці вырабаў з перламутру, дзе хрысціянскія традыцыі пераплятаюцца з мусульманскімі.
Экспанаты, якія прадстаўляюць мастацтва разьбы па дрэве і шмат іншых цікавых аб'ектаў: макеты мячэцяў і карціны з каляровага пяску, мужчынская і жаночая нацыянальная вопратка і г. д.
Экспазіцыя "Падарожжа па Палесціне" у музеі гісторыі рэлігіі будзе прадстаўлена на працягу месяца чэрвеня. Музей працуе кожны дзень, акрамя панядзелка, з 10.00 да 18.00 (каса да 17.30).
Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская