На мінулым тыдні ў Шчучыне падвялі вынікі катэхэтычнага году. Для некаторых гэта былі апошнія заняткі, а некаторыя толькі пачынаюць сваю пазнавальную прыгоду аб Езусе Хрысце.
У сераду 27 мая падвялі вынікі заняткаў у некаторых шчучынскіх дзіцячых садах, дзе ўжо на працягу трох гадоў праводзіць катэхэтычныя ўрокі а. Аляксандр Махнач SP. У гэты ж дзень шчучынская моладзь дзякавала Богу за сакрамант канфірмацыі, які прыняла ў мінулым годзе. Гадавіна сакраманту падсумавала таксама катэхэтычныя заняткі, пасля урачыстай св. Імшы маладым людзям раздалі свядэцтвы аб заканчэнні году.
З парафіяльнай катэхзай развіталіся 11 класы, у мінулы панядзелак моладзь падзякавала сваім духоўным настаўнікам за падрыхтоўку да прыняцця розных сакрамантаў і прыклад веры.
31 мая ў парафіі адправілі ўрачыстую св. Імшу, якая сімвалізавала заканчэнне году. Традыцыйна, у гэты дзень моладзь 11 класаў перадала статуэтку св. Юзафа Каласанса сваім малодшым калегам, у знак вернасці і пастаяннай прысутнасці на занятках рэлігіі.
Падрыхтаваў а. Віталій Слука SP