24 мая 2015 г. ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч у прысутнасці кс. біскупа Юзафа Станеўскага, святароў і вернікаў адправіў першую св. Імшу на новым месцы ў мікрараёне Альшанка і асвяціў крыж і зямлю пад будаўніцтва касцёла.
Урачыстасць распачаў кс. Валерый Быкоўскі, які пазнаёміў прысутных з гісторыяй парафіі Святога Духа:
- 8 ліпеня 2012 г. біскуп А. Кашкевіч прадставіў вернікам парафіі Св. Духа іх першага пробашча кс. Паўла Салабуду. Ад гэтага моманту парафіяне разам са сваім пробашчам распачалі збор дакумантаў для рэгістрацыі парафіі. 1-ая спроба рэгістрацыі ў верасні 2012 г. скончылася няўдачай, але, не зважаючы на гэта, вернікі кожную нядзелю збіраліся пры капліцы на супольную малітву. Наступная спроба рэгістрацыі прынесла пажаданы плён, але вернікаў чакалі іншыя цяжкасці. У 2013 г. распачаўся працэс збору подпісаў, патрэбных дакумантаў і атрымання згоды прэзідэнта на будаўніцтва касцёла, які доўжыўся два гады. Толькі 8 мая 2015 г. парафіяне атрымалі згоду на будову сваёй святыні.
Пасля кс. біскуп А. Кашкевіч распачаў св. Імшу. Падчас гаміліі ардынарый звярнуў увагу вернікаў на асаблівую ролю Святога Духа ў жыцці чалавека:
- Свята Спаслання Святога Духа з’яўляецца не толькі напамінам аб дні нараджэння Касцёла. Яно таксама прыпамінае, што Дух Святы прыходзіць да нас сёння і заўсёды, калі мы клічам Яго. Ён суцяшае нас і дае нам мужнасці ў абвяшчэнні Евангелля і жыцці паводле Слова Божага штодня. (...) Калі мы намагаемся зразумець адзін аднаго, калі мы намагаемся аб’ядноўваць, а не дзяліць, калі мы прытрымліваемся нашых абавязкаў і абяцанняў і сваімі чынамі абвяшчаем навуку Хрыста, тады мы атрымоўваем самыя цудоўныя дары Святога Духа.
Затым ксёндз біскуп накіраваў словы падтрымкі вернікам парафіі Св. Духа:
- Вы будзеце прыходзіць ў вашую новую святыню, каб вучыцца сустракаць Езуса ў іншым чалавеку, спяшацца да яго з дапамогай і дзяліцца з ім радасцю сваёй веры. (...) Мы ўсе добра ведаем, што пабудова святыні будзе каштаваць вам шматлікіх сіл, працы і ахвяры. Але я веру, што з Божай дапамогай вы справіцеся з ўсім гэтым. Бог памножыць вашыя сілы, трэба толькі адкрыцца на Яго ўздзеянне.
Пасля адбылося ўрачыстае асвячэнне крыжа і зямлі пад будаўніцтва касцёла.
Падчас працэсіі з дарамі прысутныя аддалі сваю парафію ў апеку Св. Духа, сімвалічна выпускаючы трох белых галубоў у нябёсы.
Напрыканцы пробашч парафіі кс. Павел Салабуда склаў шматлікія словы падзякі ўсім прысутным, у тым ліку біскупу А. Кашкевічу за адпраўленне 1-ай св. Імшы ў месцы, дзе пабудуюць касцёл; айцам францішканам за догляд за капліцай; ўсім, хто дапамагаў у арганізацыі мерапрыемства і інш.
На заканчэнне вернікі атрымалі пастырскае бласлаўленне.
Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая