Skip to main content

Клерыкі ВДС дзеляцца ўражаннямі ад візіту сакратара Кангрэгацыі па справах Духавенства

20 мая ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне прыбыў з візітам сакратар Кангрэгацыі па справах Духавенства арцыбіскуп Хорхэ Карлас Патрон Вонг, каб бліжэй пазнаёміцца з жыццём семінарыйнай супольнасці і яшчэ больш умацаваць узаемаадносіны паміж семінарыстамі, фарматарамі і выкладчыкамі. Сёння навучэнцы семінарыі дзеляцца сваімі ўражаннямі пасля сустрэчы з іерархам.

Што для большасці азначае прыезд якой-небудзь дэлегацыі з праверкай? Напэўна, гэта клапатлівая падрыхтоўка, хаванне таго, што лепш не паказваць, навядзенне парадку, часам нават пачуццё трывогі або страху. Але ў Касцёле гэта выглядае інакш.

Несумнеўна, мы рыхтаваліся і адчувалі нейкі неспакой перад візітам арцыбіскупа, але вынік сустрэчы быў сапраўды нечаканы. Першае, чым нас прыемна ўразіў высокі госць, гэта яго разбараняючая ўсмешка.Затым - прывітанне, супольнае перажыванне Маёвага набажэнства і малітва. Пасля сумеснай вячэры адбылася сустрэча, падчас якой мы мелі магчымасць свабодна выказаць сваё меркаванне наконт семінарыйнага жыцця, падзяліцца сваімі ідэямі адносна таго, што ў семінарыі было б добра палепшыць. Варта адзначыць, што падчас гэтага сходу нас сапраўды выслухалі, і, галоўнае, нас сапраўды пачулі. Вельмі нечаканым было супольнае сэлфі напрыканцы сустрэчы.

На другі дзень мы супольна перажылі Эўхарыстыю і развіталіся з арцыбіскупам Хорхэ Карласам Патронам Вонгам.

У выніку гэтага візіту мы атрымалі: вычышчаную семінарыю, смачныя патравы, здзіўленне, радасць, узмацненне ў веры, змену некаторых меркаванняў і пашырэнне светапогляду. Мы сапраўды вельмі ўдзячныя арцыбіскупу за яго візіт і аказаную нам падтрымку!

Падрыхтавалі клерыкі ВДС