У Вялікую пятніцу ў гродзенскім касцёле імя св. Францішка Ксаверыя праходзіла літургія Мукі Пана, на якой вернікі разважалі цярпенні і ахвяру Езуса Хрыста. Літургію - якая складаецца з трох частак: літургіі слова, адарацыі крыжа і святой Камуніі - узначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Перад літургіяй вернікі прынялі ўдзел у Крыжовым шляху, які дапамог ім з большай пранікнёнасцю зразумець подзвіг Хрыста. Апісанне мукі і смерці Езуса Хрыста было прачытана з Евангелля паводле св. Яна, пасля чаго гамілію для шматлікіх прысутных прамовіў ксёндз Раман Катлімоўскі.
Айцец Раман засяродзіў увагу вернікаў на значэнні ахвяры Езуса, праз якую Ён прамаўляў 2 тысячы гадоў назад і праз якую прамаўляе сёння, штодзённа, да кожнага чалавека.
- “Збылося!” Збаўленне прыйшло праз Крыж. Езус бачыў усе свае цярпенні, як на экране тэлевізару, але, не зважаючы на гэта, прыняў волю Бога. “Не Мая, але Твая воля няхай станецца”,- адказаў Ён.
Праз сваю ахвяру на крыжы Езус хоча, каб сямейнае жыццё чэрпала з сакрамантальнай сувязі, каб сям’я была моцная Богам і штодзённай малітвай, бо кожная сям’я, пазначаная крыжам, зможа вытрымаць усе выпрабаванні.
Езус жадае, каб вы былі верныя, каб вы мелі моцную надзею і былі моцныя сілай любові, якая не памірае.
Езус хоча, каб вы мелі Ягоны твар. Такіт твар мае кожны пасля сакраманту споведзі, калі шчыра вызнае грахі і прымае ў сябе Пана з яго міласэрнасцю. “Я люблю цябе, я дарую табе, ідзі і больш не грашы”, - чуем мы тады словы Езуса. Збылося – перамагла любоў.
На заканчэнне літургіі Слова адбылася выключна ўрачыстая паўсюдная малітва, пасля чаго настала галоўная частка літургіі Мукі Пана – адарацыя святога Крыжа.
Пасля адарацыі і святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамант перанеслі ў сімвалічную грабніцу.
Затым адбылася адарацыя, падчас якой кожны з вернікаў меў магчымасць у цішыні свайго сэрца зрабіць тое, што яшчэ не паспеў: папрасіць прабачэння або скласці словы падзякі ўкрыжаванаму Хрысту.
У гэты дзень таксама распачалася Навэнна да Божай міласэрнасці, якая будзе трываць 9 дзён.
Фота: Вольга Сяліцкая