Skip to main content

"Надыйшоў час неабходны для кожнага з нас". У Касцёле распачаўся 40-дзённы пост

img 3267У гэтым годзе, 18 лютага Каталіцкі Касцёл распачынае Вялікі пост. Папяльцовая серада з’яўляецца першым днём саракадзённай падрыхтоўкі да Вялікадня, які сёлета будзе святкавацца 5 красавіка.

Папяльцовая серада атрымала сваю назву з традыцыі пасыпання галоў попелам. Падчас узгаданага абраду святар кажа: «Кайцеся і верце ў Евангелле» альбо «Памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся». Гэта сімвалізуе нашую гатоўнасць да пакаяння, да перажывання посту ў малітве і адрачэннях, а таксама нагадвае аб тым, што мы толькі часова на гэтай зямлі.

У час Вялікага посту ў касцёлах адбываюцца набажэнствы на ўшанаванне Мукі Езуса Хрыста. Гродзенскія вернікі з катэдральнай парафіі імя св. Францішка Ксаверыя мелі магчымасць распачаць Вялікі пост са св. Імшы, якую апоўдні ўзначаліў ксёндз біскуп Юзаф Станеўскі.

Дапаможны біскуп звярнуўся да вернікаў з гаміліяй, на пачатку якой падзякаваў старэйшым людзям за тое, што яны прывялі з сабой дяцей і ўнукаў, і заклікаў іх перанесці атмасферу св. Імшы ў свае дамы і сем’і.

Затым іерарх патлумачыў сутнасць Вялікага посту і падкрэсліў найбольш значныя яго моманты.

- Варта прыгадаць важнае для католікаў правіла, што на працягу ўсяго года ёсць адзін дзень у тыдні, калі мы захоўваем пост – кожная пятніца. У гэты дзень мы ўстрымліваемся ад спажывання мясных страў і вясёлых забаў. Але мы не сумуем, таму што наша сэрца цешыцца блізкасцю Бога.

Сёння, ў Папяльцовую сераду, мы перажываем вельмі сціплы пост, каб сапраўды адчуць голад. І гэтую практыку мы ахвяруем Богу як дар сэрца, як адкупленне за несправядлівасці ў свеце. Сёння гэтых несправядлівасцяў вельмі шмат, таму давайце пастараемся ў імя супакою ў свеце 1-2 дні захаваць гэты пост, каб сапраўды адчуць, як патрабуючыя адчуваюць сябе без цяпла, вады і электраэнэргіі. Каб не перашкаджала нічога. Толькі я і Бог.

Давайце таксама падчас гэтых 40 дзён свядома захочам выправіць учыненыя бліжняму крыўды. Вельмі часта для выпраўлення сваіх памылак або ўсталявання міру дастаткова сказаць адно толькі слова – прабач, і Вялікі пост з'яўляецца найбольш спрыяльным таму часам.

Перадвелікодны перыяд з’яўляецца яшчэ адной магчымасцю, каб у імя Бога падзяліцца сваімі дабротамі з патрабуючымі. Але давайце дзяліцца не з увагі на тое, што мы маем лішняе, але з прычыны яшчэ большай патрэбы бліжніх. Памятайце, што нават кубак, які вы падасце спрагламу, не застанецца без узнагароды.

Напрыканцы кс. біскуп дадаў, што абрад пасыпання галоў попелам з'яўляецца не толькі сімвалам пакуты, але і ачышчэння, і заклікаў прасіць у Госпада, каб падчас Вялікага посту вернікі знайшлі сэнс і дарогу да навяртання, да паяднання з Богам і чалавекам.