Skip to main content

«Пакінуўшы свае штодзённыя клопаты, можна быць адзін на адзін з Богам»: прайшлі рэкалекцыі ў Навагрудку

З 13 па 15 лютага ў Навагрудку ў кляштары сясцёр назарэтанак прайшлі рэкалекцыі для дзяўчат, у якіх прынялі ўдзел каля 40 удзельніц з Гродна, Ліды, Мінска, Шчучына, Наваельні і Геранён.

 

На працягу трох дзён дзяўчаты пад кіраўніцтвам сясцёр назарэтанак разважалі на тэму «Любоў, закаханасць і ўзаемаадносіны паводле Божага Слова». 

Сваімі ўражаннямі і перажываннямі аб сустрэчы падзяліліся ўдзельніцы рэкалекцый: 

Алеся Жылевіч, 14 гадоў, парафія Св. Мікалая, біскупа (Геранёны) 

— Я прыехала на рэкалекцыі, бо мне захацелася прысвяціць час Богу. Я хацела знайсці адказ на штодзённыя пытанні, якія турбуюць маладое дзявочае сэрца. Мяне вельмі захапіла тэма рэкалекцый. Тэма любові для мяне вельмі важная, бо гэта тое пачуццё, якога патрабуе кожны чалавек і без якога пражыць немагчыма. 

Насця Духовіч, грэка-каталіцкая парафія Маці Божай Нястомнай дапамогі (Мінск) 

— Я даведалася пра рэкалекцыі з партала catholic.by, спасылку на гэту навіну мне даслаў а. Зміцер. Я напісала с. Кляры, арганізатару гэтай сустрэчы, і ўжо ўвечары збірала рэчы, каб накіравацца ў Навагрудак. 

Рэкалекцыі мне вельмі спадабаліся, дзякую сёстрам за канферэнцыі і вясёлыя вечары, якія яны праводзілі. 

Лізавета Богуш, 16 гадоў, парафія Адшуканння Святога Крыжа ў Гродне 

— Тэма вельмі блізкая і важная для ўсіх людзей, бо кожны ў сваім жыцці так ці інакш перажывае закаханасць і любоў. Знаходзячыся ў гэтым узросце, калі розныя эмоцыі перапаўняюць, бывае цяжка разабрацца ў сабе, зразумець усе гэтыя эмоцыі, раскласці ўсё ўнутры сябе на паліцы. 

Сёстры шмат тлумачаць нам, якой павінна быць сапраўдная любоў, як яна праяўляецца ў нас, што яна нам дае. Яны дапамагаюць нам уладкаваць узаемаадносіны з іншымі людзьмі і ў першую чаргу з Богам. Падчас рэкалекцый ёсць моманты адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту — часу, калі мы можам углядацца ў Бога, у Яго святое цела і адчуваць, як сэрца напаўняецца любоўю. Цудоўна, што тут, у Навагрудку, знаходзіцца шмат дзяўчат з падобнымі пачуццямі і эмоцыямі, з якімі можам разам гэта перажываць. Як сказаў св. Ян Боско: «Да Бога лягчэй ісці разам». Так і нам разам лягчэй знаходзіць любоў. 

Алёна Недбайло, 14 гадоў, парафія Св. Яна Евангеліста і Св. Максімільяна Кольбэ (Мінск) 

— Я змагла даведацца пра тое, якая ў мяне мова любові. Было неспадзяваннем і тое, што рэкалекцыі ў гэты раз толькі для дзяўчат. Усім сёстрам, што былі з намі ў Навагрудку, — «рэспект», так як атрымалася проста супер (усміхаецца — заўв.аўт.). Як я магу забыцца пра «піжамныя вечары», калі ўжо хочацца спаць, але ты наперакор жаданням апранаеш піжаму, закутваешся ў плед ці коўдру і ідзеш глядзець фільм? Ад сёстраў мы пачулі шчырыя прызнанні пра іхнюю закаханасць. Безумоўна, я не забудуся, як смачна там кормяць. Таксама спадабалася адарацыя і спевы пад гітару, ды магчымасць палюбавацца Навагрудскімі славутасцямі.

Марына Пашкевіч, 21 год, парафія Узвышэння Святога Крыжа (Ліда)

— На рэкалекцыях у Навагрудку я была ўпершыню. Я, шчыра кажучы, не магла сабе нават уявіць, наколькі гэта неверагодна прыгожае месца. Я апынулася нібы ў іншай казачнай краіне. Мяне даўно так не кранала прыгажосць краявідаў, але ад Навагрудка я была ў такім захапленні, што змагла па-новаму паглядзець на Бога як Творцу, кожнае стварэнне Якога непаўторнае, гарманічнае і, галоўнае, напоўненае такой невымоўнай любоўю. 

Другое, у чым я сустрэла жывога Бога, на гэтых рэкалекцыях — гэта Ягонае Слова. Яно заўсёды кранае, заўсёды натхняе, заўсёды дае адказ і заўсёды побач. Я ўпэўнена, што веруючаму чалавеку непатрэбны ніякія асаблівыя знакі ці здарэнні, каб у іх «прачытаць» адказ Бога на якіясьці пытанні. Каб пачуць Ягоныя словы, дастаткова проста разгарнуць Біблію. 

Вераніка, 20 гадоў, душпастырства моладзі «OPEN» (Гродна) 

— Не сумняваючыся магу сказаць, што прыеду ў Навагрудак на такую сустрэчу для дзяўчат яшчэ раз. Гэта самае цудоўнае месца, дзе, пакінуўшы свае штодзённыя клопаты, можна быць адзін на адзін з Богам падчас малітвы і адкрыць шмат новага для сябе на цікавых і пазнавальных канферэнцыях.

 

 Паводле Catholic.by