Святочнае калядаванне дзяцей з парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) упершыню было прадстаўлена 28 снежня ў моладзевым цэнтры парафіі. Маленькія акцёры выступілі перад бацькамі і парафіянамі.
![]()
3 студзеня дзяцей запрасілі ў вайсковую частку № 2044 горада. Артыстаў у знак удзячнасці за выступленне пачаставалі сапраўдным салдацкім чаем з прысмакамі, а таксама паказалі гасцям выступленне сабак кіналагічнай службы.
![]()
Ксёндз Станіслаў Краўчанка SDB падзякаваў вайскоўцам за шчыры настрой і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.
![]()
4 студзеня калядоўшчыкі вырушылі ў Жупраны ў парафію Свв. апосталаў Пятра і Паўла, дзе паказалі каляднае выступленне мясцовым парафіянам.
![]()
Пробашч парафіі кс. Казімір Мурава SDB заахвоціў дзяцей і надалей падаваць адважны прыклад жыцця Евангеллем і пасля выступлення калядоўшчыкаў пачаставаў іх салодкімі прысмакамі.
![]()
![]()
11 студзеня дзеці выступілі ў парафіяльным моладзевым цэнтры.
![]()
Падрыхтаванае імі выступленне з каляднымі спевамі, беларускімі танцамі, жартамі, загадкамі і прыпеўкамі было прадстаўлена дзецям з абмежаванымі магчымасцямі.
![]()
Малыя калядоўшчыкі нагадалі пра славянскую традыцыю старажытных калядаванняў, ператварыўшы іх ва ўсхваленне нованароджанага Хрыста і надаўшы ім больш рэлігійны характар.
![]()
«Няхай радасць Нараджэння Збаўцы напаўняе нашыя сэрцы, каб мы маглі больш зразумець Божую любоў і дзяліцца ёю з нашымі блізкімі, суседзямі, каб нашыя твары былі люстэркам Божай надзеі, радасці і супакою», — пажадала сваім выхаванцам с. Вераніка Блізнюк FMA, якая рыхтавала маленькіх парафіянаў да выступлення.
![]()
Як у саміх калядоўшчыкаў, так і ў гледачоў было шмат уражанняў. Пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла кс. Алег Жураўскі SDB, які на працягу ўсіх выступленняў падтрымліваў малых калядоўшчыкаў, таксама падрыхтаваў для іх багаты салодкі пачастунак.
![]()
Наперадзе малых «смаргонскіх тэатралаў» чакае яшчэ адно выступленне — у смаргонскай гімназіі.
![]()
Падрыхтавала Сняжана Атрошка
фота Сняжаны Атрошка і кс. Станіслава Краўчанкі SDB
Паводле Catholic.by
