6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне. У Імшы ўдзельнічаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Мітрапаліт узначаліў Імшу ў гродзенскім пабернардынскім касцёле па запрашэнні пробашча парафіі кс. прэлата Антонія Xанько. Таксама візіт іерарха стаў нагодай для парафіян, каб павіншаваць яго з 25-годдзем біскупскай сакры.
![]()
Гэтая парафія стала ўжо чарговай у Гродзенскай дыяцэзіі, у якіх Мітрапаліт адзначае юбілей сакры. З Гроднам ён быў звязаны асаблівым чынам, калі ў 1989 г. быў прызначаны біскупам.
![]()
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, у Адэльску, аб яго прызначэнні Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі было абвешчана таксама на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі – у Гудагаі.
![]()
У гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт звярнуў увагу, што евангельскія аповеды прадстаўляюць дзве групы людзей, якія першымі прыйшлі ў Бэтлеем прывітаць Езуса: гэта бэтлеемскія пастушкі і Тры Каралі, якіх літургія Касцёла ўзгадвае ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана.
![]()
“Тры Каралі даведаліся аб нараджэнні Збаўцы, даследуючы рухі зорак на небе. Новая зорка ім нічога не сказала. Будучы тымі, хто шукаў праўды, яны, напэўна, ведалі Святое Пісанне, хаця і не належалі да Выбранага Народу. Таму натуральна, што яны павінны былі інтэрпрэтаваць з’яўленне новай зоркі паводле яго, каб даведацца, што яна азначае і куды вядзе. Тры Каралі ці Мудрацы былі язычнікамі і абагаўлялі рухі нябесных цел. Таму, даследуючы рух новай зоркі, якая з’явілася на небасхіле, яны ў ёй убачылі Божы знак”, - нагадаў іерарх.
![]()
Арцыпастыр падкрэсліў, што гісторыя аб Трох Каралях “нагадвае аб універсальнасці збаўлення ў Езусе Хрысце”; гэта “гісторыя аб’яўлення Бога паганам”, бо “Езус прыйшоў збавіць не толькі Выбраны Народ, але і ўсё чалавецтва”.
![]()
“Евангелле дапамагае нам пазнаць тое, што людзі розных станаў і рэлігійных традыцый рознымі спосабамі даведаліся аб нараджэнні Збаўцы. Пастушкі - ад анёлаў, Тры Каралі – дзякуючы новай зорцы, першасвятары і кніжнікі - са Святога Пісання. Як бачна, ёсць шмат шляхоў да пазнання той самай праўды аб нараджэнні Збаўцы”, - патлумачыў арцыбіскуп.
![]()
“Хто знайшоў Езуса? Ірад, кніжнікі і першасвятары не знайшлі Яго, хаця ведалі Святое Пісанне. А Тры Каралі, якія не належалі да Выбранага Народу і даверыліся новай зорцы, знайшлі. Чаму? Таму, што кіраўнікі габрэйскага народу, хаця і ведалі аб’яўленую праўды, не жылі паводле яе. Яны ў сваім жыцці не ішлі за святлом Святога Пісання. Тры Каралі, якія на пачатку следавалі толькі за зоркай, потым следавалі ў адпаведнасці з указаннямі Пісання, - дадаў Мітрапаліт. - Мараль гэтай гісторыі ў тым, што поспех у дарозе да Бога знаходзіцца не толькі ў пазнанні праўды, але і ў жыцці ў святле пазнанай праўды”.
![]()
Таксама, як заўважыў іерарх, гэтая ўрачыстасць “вучыць нас, што часам язычнікі хутчэй могуць прыйсці да Бога, чым мы, якія ведаем Божы закон, але не жадаем жыць у яго святле”.
![]()
“Тры Каралі былі астраномамі і ў новай зорцы ўбачылі Божы знак. Мы таксама павінны ў розных здарэннях сучаснага свету і навуковых дасягненнях бачыць знакі, якія паставяць нас на шлях да Бога. Заўсёды, аднак, гэтыя дасягненні неабходна ўзбагачаць святлом Евангелля, каб дайсці да нашага Бэтлеема і там знайсці Езуса – адзінага Збаўцу свету, знайсці Яго, каб Ягонай праўдай жыць і яе абвяшчаць”, - падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
![]()
Напрыканцы Імшы вернікі пабернардынскага касцёла павіншавалі Мітрапаліта з 25-годдзем біскупскай сакры, пажадаўшы, каб арцыпастыр і надалей з вялікай руплівасцю і запалам здзяйсняў Божую волю і служыў Богу, Касцёлу і вернікам, даручаным яму.
![]()
Паводле Catholic.by
