Skip to main content

XXV Звычайная Нядзеля. Кс. Алег Пятрашка

Зноў Пан Езус здзіўляе нас нелагічнасцю і адсутнасцю мінімальных эканамічных ведаў, як падаецца на першы погляд. Ну як можна так зрабіць? Адзін працуе ад рана да вечара, а другі, прыйшоўшы пасля абеду. І той, і другі атрымлівае па адным дэнары. У сённяшні час можна было б скардзіцца і ўвогуле згубіць жадаючых працаваць ў такога гаспадара. Але ва ўсёй гэтай сітуацыі Пан Езус яшчэ кажа, што менавіта Валадарства Божае падобна да гэтага гаспадара. Таму прыглядзімся да гэтай сітуацыі: а што так сапраўды здарылася з гэтымі працаўнікамі?

Я сам меў прэтэнзіі да Пана Езуса. Чаму Ён дае пазнаць сябе адным у 20 гадоў, камусьці ў 33, а хтосьці, як св. Айцец Піо, пазнаў Яго яшчэ будучы маленькім хлопчыкам? Мой розум не даў мне адказу, і я разумею, што ніколі не дасць.

Працаўнікі прыйшлі па разлічэнне да гаспадара. Перад працай яны дамовіліся, што атрымаюць адзін дэнар, і гаспадар, нягледзячы на тое, што адзін прыйшоў на працу з раніцы, а другі пасля абеду, выплаціў згодна з дамовай. Незразумела: здаецца, усё згодна з дамовай, а з іншага боку - крыўда, бо я працаваў ў спёку, а той толькі гадзіну.

І вось, калі я разважаў над гэтым парадоксам, мне прыйшла ў галаву пастава кс. Пятра Барташэвіча, як і ўсіх святароў, якія працавалі ў тыя цяжкія часы. Я кс. Пятра не ведаў асабіста і пачуў пра яго некалькі год таму. Не так даўно ў парафіі ў Жалудку святкавалі яго стагоддзе.

Што рабілі тыя святары, што рабілі нашыя бабулі і дзядулі? Яны працавалі, не ведаючы, які лёс спаткае іх, тыя касцёлы, якія яны так мужна баранілі... Але верылі, працавалі, змагаліся, маліліся! Я моцна веру, што яны атрымалі ўзнагароду ад Бога.

Той дэнар – Неба, скарб у вечнасці. Мы цяпер маем столькі магчымасцей, сродкаў. Мы не ведаем такога цяжару працы, такого досведу як яны, і, на жаль, вельмі часта становімся падобнымі да працаўнікоў той вінніцы, пра якую Пан Езус таксама апавядаў, памятаеце? Гаспадары раз’ехался, а калі пачалі збіраць ураджай, паслаў слугаў, каб забралі належны плён. Аднаго пабілі, другога забілі, трэцяга каменьмі закідалі...

Пан Бог дае кожнаму як і калі хоча, але заўсёды тады, калі мы Яго аб гэтым папросім. Быць можа, мы падобныя цяпер да тых, што прыйшлі пасля абеду на працу, і Бог шчодра ўзнагароджвае.

Езус, хай станецца Твая воля, а не нашая!