Skip to main content

Ірак: апошнія хрысціянскія сем’і пакідаюць Масул

Апошнія хрысціянскія сем’і, якія яшчэ заставаліся ў іракскім горадзе Масул, пакідаюць свае дамы і накіроўваюцца ў Эрбіль, Дахук і ў іншыя, больш бяспечныя мясціны іракскага Курдыстану. Пра гэта паведамілі каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву «Fides» прадстаўнікі мясцовай халдэйскай супольнасці.

Новы масавы зыход хрысціянаў паскорыўся ў апошнія дні пасля таго, як суніцкія паўстанцы і баявікі самаабвешчанага ісламскага халіфату сталі пазначаць надпісамі дамы хрысціянаў і мусульманаў-шыітаў, каб затым адабраць іх у законных уладальнікаў.

Як паведамляе мясцовы інтэрнэт-сайт www.Ankawa.com, эвакуацыя апошніх хрысціянаў звязана таксама з узмацненнем бамбаванняў з боку ўрадавых узброеных сілаў у многіх раёнах гораду, асабліва ў начны час. Для многіх паселішчаў Ніневійскай раўніны асноўнай праблемай цяпер з'яўляецца спыненне падачы вады, што зрабіла пражыванне там яшчэ больш невыносным з-за высокіх тэмператураў.Chaldean_Church

“Колькасць хрысціянаў, якіх Ісламская дзяржава Іраку і Леванта змушае пакідаць уласныя дамы і пакідаць горад, вагаецца ад 50 да 100 сем’яў, — заявіў халдэйскі вікарый Багдаду манс. Шлеймун Вардуні. — На кантрольна-прапускных пунктах пры выездзе з гораду іх спыняюць і канфіскуюць у іх літаральна ўсё: грошы, маёмасць і нават аўтамабілі, кажучы, каб яны адпраўляліся далей пешшу”.

“Мы ня можам размаўляць, для нас гэта занадта небяспечна”, — гэта ёсць адзіныя словы, сказаныя карэспандэнту каталіцкага агенцтва «Sir» адным з хрысціянаў Масула перад тым, як перапыніць гутарку. Хрысціянская меншасць, якая ўсё яшчэ застаецца ў Масуле, жыве ў атмасферы страху. Ісламскія баявікі кажуць ім рыхтавацца да смерці, калі ня прымуць іслам або ня будуць плаціць. Іншая мясцовая крыніца наогул сцьвярджае, што ў Масуле больш ужо не засталося хрысціянаў.

У інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву «AsiaNews» Зверхнік Халдэйскай Каталіцкай Царквы Патрыярх Луіс Рафаэль I Сака з горыччу заявіў пра немагчымасць любых формаў дыялогу з ісламістамі, якія зацята паўтараюць, што “паміж намі існуе толькі меч”. “Я прасіў біскупаў, — сказаў халдэйскі Патрыярх, — каб яны раілі хрысціянскаму насельніцтву з'ехаць”. Некалькі дзён таму, адзначае халдэйскі першаярарх, хрысціяне, што яшчэ заставаліся, пачалі выязджаць з кватэраў, і цяпер там засталося вельмі мала людзей — самыя бедныя сярод хрысціянаў, якія ня маюць сродкаў, каб выехаць з гораду. Усе ўцекачы з Масула, паводле яго словаў, “знаходзяць прыстанак у манастырах і ў вёсках”. З ранку 18 ліпеня 2014 году, працягнуў Патрыярх Луіс Рафаэль I Сака, “аўтамабілі, абсталяваныя гучнаўзмацняльнікамі, кружылі па горадзе, патрабуючы ад хрысціянаў уцякаць”.Louis_Raphael_I_Sako

У гэтым драматычным кантэксце палявання на хрысьціянаў, адзначае Патрыярх, цяжка ўявіць якія-небудзь формы дыялогу ці перамоваў. “Тут няма ўлады, да якой можна было б звярнуцца, няма нікога, — падкрэсліў Першаярарх Халдэйскай Каталіцкай Царквы, — мы ня ведаем, адкуль яны і чаго яны хочуць насамрэч. Цэнтральны ўрад тут ня мае кантактаў і цяпер пачынае паветранае бамбаванне”. Кажучы пра мясцовых радыкальных ісламістаў, Яго Блаславенства Луіс Рафаэль I Сака параўнаў іх з “сцяной”, з якой немагчыма ўсталяваць “ніякай формы дыялогу”.

Паводле апошняй інфармацыі, баявікі самаабвешчанага ісламскага халіфату спалілі сірыйска-каталіцкую біскупскую рэзідэнцыю ў Масуле. Пра гэта паведаміў Патрыярх Сірыйскай Каталіцкай Царквы Ігнат Язэп III Юнан. Паводле словаў гэтага Патрыярха, пасля апошніх пагрозаў радыкальных ісламістаў у Масуле больш не засталося хрысціянаў.

Паводле carkva-gazeta.by