Skip to main content

Кс. Мікалай Ціхановіч да пілігрымаў: "Не бойцеся рабіць канкрэтны выбар!"

img 6202"Марыя пад Крыжам - узор хрысціянскай вернасці" - пад такой назвай сёння ў Тракелях распачалася канферэнцыя кс. доктара Мікалая. На падставе ўласнага сведчання ён патлумачыў, што такое культура непастаянства і чаму моладзі трэба пазнаць сапраўднае значэнне крызісу.

Многія з нас пад уплывам розных абставін хацелі ўцячы ад цяжару адказнасці выбранага жыццёвага шляху. Гэта, як сказаў кс. А. Яцыняк, "эпоха ламаных слоў". Штодзённа мы бачым, як ламаюцца дадзеныя на ўсё жыццё абяцанні.

Мы жывем у культуры непастаянства, якая і нас, веруючых, схіляе да пошуку новага, ставячы пад сумнеў нашу тоеснасць і веру.

Нам ніколі нельга забываць, што верная Любоў Бога да нас у поўнай меры выявілася ў Езусе Хрысце, які стаў нашым нявольнікам і пазбавіў Сябе славы.

Усе мы перажываем крызіс, аднак ён не заўсёды дрэнны. На думку папы Францішка, моладзь павінна пазнаць сапраўднае значэнне крызісу, бо толькі гэта дапаможа выйсці з яго.

Кс. Мікалай падзяліўся ўласным сведчаннем. Сказаў, што яго пакліканне нарадзілася ў Тракелях, у гэтым "святым месцы". Але ў 2009 годзе яго напаткаў крызіс - ён хацеў сыйсці са святарства. Штодзённа, адпраўляючы св. Імшу, ён плакаў. Але толькі моцная малітва і вера дапамаглі яму застацца. Таму кс. Мікалай заклікаў не баяцца канчатковых рашэнняў і рабіць канкрэтны выбар. Канферэнцыя скончылася малітвай "Вітай, Марыя".

 

Яна Ткачук