Skip to main content

Да неба праз Будслаў. Дзень 0

Пілігрымка ў Будслаў гэта заўсёды падзея года. Без тыдня маршу ў накірунку Апякункі Беларусі лета траціць колер і пэўны смак. Паломніцтва -  гэта толькі маленькая кропачка на дарозе да неба (спадзяюся туды=), аднак за столькі гадоў яно ўжо заняло сваё месца ў жыцці ні аднаго чалавека. Таму сёлета мы рухаемся ў Віцебск, каб зрабіцца пілігрымамі на 8 дзён і пралапаціць пару сотняў кіламетраў.

 IMG 4760

Прамых цягнікоў з маёй роднай Ліды да Віцебска няма, таму сядаю ў дызель да Маладзечна, а адтуль ужо рухаюся проста ў пункт старту пілігрымкі. Паўпусты вагон дызеля, навокал цёпла і зялёна. Правадніцы драмаюць разам з рэштай падарожных, я ж спрабую хутчэй дачытаць газеты, каб “налізацца” перад васьмю днямі інфармацыйнага посту.

IMG 4746

IMG 4724

IMG 4727

Дзве гадзіны шпацыру па Маладзечна не ўразілі і не захапілі. Горад звычайны: увесь пафарбаваны ў стандартны беларускі крэмавы колер і чысценька падмецены. Адно хараство. Касцёл капуцынаў ужо набыў свае рысы і падаецца хутка пачне функцыянаваць. Аб’ява на дзвярах “старога” касцёла нагадвае пра пілігрымку Маладзечна-Будслаў, якая вырушыць праз 4 дні. У цэлым усё ціха і спакойна, горад рыхтуецца да выходных.

IMG 4785

IMG 4786

IMG 4765

Заўтра а 6-й раніцы св. Імшой мы пачнем нашую пілігрымку. Таму цяпер сядаю ў плацкартны вагон, адмаўляюся ад пасцелі, выцягваю спальнік і кладуся спаць. Людзі навокал ужо спяць. Кожны пачне заўтра нешта новае. Альбо працягне. Таксама і я.

IMG 4806

Арцём Ткачук