“Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.” У гэтых словах выкладзена падвойная вернасць хрысціянскага жыцця. Калі чалавек верны Езусу Хрысту ў гэтым жыцці, то Хрыстос будзе верны яму ў будучым жыцці. Калі чалавек занадта ганарлівы, каб прызнаць Езуса Хрыста сваім Госпадам, то Хрыстос таксама адрачэцца ад яго.
Як паказала гісторыя, сёння не было б хрысціянскага свету, калі б у раннім Касцёле не было б такіх мужчын і жанчын, якія перад тварам смерці і пакут не спалохаліся прызнацца да Езуса Хрыста. Сённяшні Касцёл пабудаваны на непахіснай вернасці тых, хто цвёрда трымаўся сваёй веры. Рымскі легат ў Віфініі Пліній Малодшы пісаў свайму імператару Траяну аб тым, як ён паступіў з хрысціянамі ў сваёй правінцыі. Ананімныя інфарматары данеслі, што некаторыя людзі - хрысціяне. Пліній паведамляе, што ён даў гэтым людзям магчымасць маліцца рымскім багам, прынесці ім ахвяру, і акадзіць ідалу імператара, а потым запатрабаваў ад гэтых людзей у якасці апошняга доказа, праклясці імя Хрыста, і дадае: “Але тых, хто сапраўдныя хрысціяне, да гэтага схіліць немагчыма”. Нават рымскі губернатар вымушаны быў прызнаць сваю бездапаможнасць і няздольнасць пахіснуць вернасць сапраўдных хрысціян.
Але яшчэ і сёння можа чалавек адмовіцца ад Езуса Хрыста.
Мы можам адмовіцца ад яго ў нашых словах. Часам мы гаворым іншым людзям, што мы, з'яўляемся членамі Касцёла, але не надаём гэтаму вялікага значэння. Пры гэтым у нас няма жадання адрознівацца ад іншых. Хрысціянін ніколі не можа пазбегнуць неабходнасці быць лепшым ад іншых і ад свету. Наш абавязак заключаецца не ў тым, каб дзейнічаць у адпаведнасці з нормамі гэтага свету, а ў тым, каб змяняць яго.
Мы можам адракацца ад Яго сваім маўчаннем. У жыцці неаднаразова узнікаюць магчымасці сказаць слова за Хрыста, выказаць свой пратэст супраць зла, заняць нейкую пазіцыю і паказаць усім, на чыім баку мы стаім. І часта ў такіх сітуацыях аказваецца прасцей прамаўчаць, чым гаварыць. Але такое маўчанне таксама ўяўляе сабой адрачэнне ад Хрыста. Магчыма, што баязлівым маўчаннем большая колькасць людзей адракаюцца ад Хрыста, чым на словах.
Мы можам адрачыся ад Яго сваімі дзеяннямі. Чалавек можа весці такі лад жыцця, што яго жыццё становіцца няспыннай здрадай веры, якую ён вызнае. Чалавек, які даў зарок вернасці Евангеллю, чысціні і бязгрэшнасці, можа быць вінаваты ў разнастайных дробных несумленных парушэннях хрысціянскага жыцця. Чалавек, які рушыў за Госпадам, несці крыж, можа вырашыць і далей весці лад жыцця, у які галоўнае месца адводзіцца сваім выгодам і камфорту. Чалавек, які пайшоў за Тым, Хто дараваў яго і загадаў прабачаць іншых, можа быць пастаянна рэзкім, абураным і сварыцца са сваімі братамі. Чалавек, які павінен заўсёды скіроўваць свае вочы на Хрыста, які аддаў жыццё дзеля любові да людзей, можа весці жыццё, у якім цалкам адсутнічаюць імкненне хрысціянскага пакоры, хрысціянскай міласэрнасці і хрысціянскай шчодрасці.
Нашыя продкі, нягледзячы на ганенні і пераследаванні, захавалі веру і збераглі Касцёл, а нам перадалі нам гэтае заданне. Ад таго як мы будзем жыць і як будзем сведчыць пра Бога, такім будзе сучасны і будучы Касцёл.