Skip to main content

Імкненне да духоўнай адновы. Роздум аб рэкалекцыях у Росі

img 6779Мяркую, што дастатковая колькасць чытачоў grodnensis.by прымала ўдзел у малітоўных сустрэчах з а. Джонам Башаборам у Росі або ў Лідзе і перажылі гэтыя дні з задавальненнем. Праз гэтую публікацыю, асабіста хачу падзяліцца з Вамі, Паважаныя Чытачы, пэўнымі момантамі свайго перажывання і асэнсавання ўсяго, што бачыў і чуў.

Асабістая малітва, гэта перш за ўсё скіраванне маіх думак, усёй маёй сутнасці да Бога. Мне выдаецца, што ў большасці, нашая малітва абмяжоўваецца толькі просьбамі: за сябе, блізкіх. Не дачакаўшыся тымчасовага адказу, намі авалодвае нецярплівасць і пачуццё пакінутасці. Хоць і існуе пэўнае тэарэтычнае пазнанне таго, што Божая міласэрнасць настолькі вялікая і незразумелая, якая дзейнічае насуперак чалавечай логіцы, аднак у практыцы часцей за ўсё здараецца наадварот.

Некаторыя тэарэтычныя веды, сталіся чымсці большым, калі аднойчы перажыў досвед сустрэчы з Ім на малітве, якая лілася з глыбіні душы. Думаю, што нешта такое адчулі апосталы ў дзень Спаслання Святога Духа (Дз. 2:1-4). Хрыстус адкрывае намагаецца адкрыць нам больш поўнае, супольнасцевае вымярэнне малітвы, якое валодае вялікай моцай (Мц. 18:19,20). Менавіта на малітоўнай сустрэчы ў Росі, зыходзячы з уласнага малітоўнага досведу, давялося прачытаць на тварах людзей сапраўды шчырую малітву.

Насцярожвае аднак пэўная пагроза неадпаведнага, толькі эмацыйнага ўспрымання духоўных сустрэч такога кшталту, што натуральна, з’яўляецца іх сплычэннем. Чалавек, істота шматгранная, якая валодае інтэлектам, памяццю, воляй і эмоцыямі... Таму ў малітве не можа дамінаваць эмацыйнасць, але ўся мая cутнасць. Варта нагадаць у гэтым кантэксце пра VI Мехеленскі дакумент “Адпычынак у Духу”, дзе кард. Юзаф Сюэнс кажа:

“Дзеянне Духа выяўляецца найперш далікатным духоўным дотыку, чым у фізічным больш або менш заўважальным праяўленні. Яго прысутнасць, несумнеўна, праяўляецца там, дзе адбываецца ўзрастанне веры, багаслоўскай надзеі, любові да Бога і бліжняга. (…) Таксама мы ведаем, што ўздзеянне Святога Духа чалавек немагчыма прадказаць: Ён не згаджаецца на прызначаную Яму сустрэчу. Ён не ўваходзіць ў нашыя заранёў устаноўленныя рамкі. Святы Дух не дзейнічае ў шумлівым натоўпе, і не працуе, як канвеер.(...) Ён паддаецца нашым прадказанням і кіраванню” .

Таму эфект малітвы, а можа нават перажывання веры, а яшчэ лепей перажыванне нашага сяброўства з Богам, гэта перш за ўсё наш духоўны ўзрост (Мц 7:20,21). Калі Езус кіраваў свой позірк на хворых і абяздоленых, то перш за ўсё звяртаў увагу на іх асабістую веру (Мц 9:22; Мц 15:28; Мк 10:52). Толькі праз шчырую веру Езус можа змяніць нашае жыццё, перш за ўсё ў духоўным плане, а потым аздаравіць з цялесных хваробаў.

Спадзяюся, што духоўныя перажыванні, ці то на сустрэчы са сведкам жывой веры, якім, мяркую, можна лічыць а. Джона Башабору, ці то стоячы перад Богам, рэальна прысутным у Эўхарыстыі або пазнаючы Яго ў другім чалавеку, могуць выклікаць у мяне моцнае і шчырае паяднанне са Збаўцам і прывядуць да кардынальнай перамены жыцця. Ва ўсім гэтым працэсе, ключавую ролю спаўняюць Святыя Сакрамэнты і Божая Супольнасць, якім з'яўляецца Касцёл, дзе знаходзіцца паўната Праўды.

Кс. Алег Петрашка