У чацвер, 19 чэрвеня, ва ўрачыстасць Божага Цела і Крыві, вуліцамі горада Гродна прайшла Эўхарыстычная працэсія, у якой прынялі ўдзел шматлікія святары і вернікі на чале з ардынарыем і дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.
На самым пачатку вернікі з ўсіх гродзенскіх парафій накіроўваліся ў галоўную святыню гродзенскай дыяцэзіі, ў катэдральны касцёл імя св. Францішка Ксаверыя. Разам з сабой шматлікія прыдстаўнікі ўсіх гродзенскіх парафій узялі ўрачыстыя працэсійныя харугвы, а дзеці, якія не так даўно першы раз у жыцці прынялі Пана Езуса ў свае сэрцы, ва ўрачыстым першакамунійным адзенні рыхтаваліся сыпаць пялёсткі кветак падчас працэсіі. У вялікім натоўпе вернікаў можна было ўбачыць старэнькіх бабуляў і дзядуляў, якія з'яўляюцца сведкамі цяжкіх часоў пераследу Касцёла, людзей сярэдняга ўзросту, моладзь і дзяцей, якія са сваёй непасрэднасцю і прастатой прыйшлі прывітаць Эўхарыстычнага Езуса Хрыста.
На святую Імшу, якую цэлебравала каля 30 святароў на чале з б-пам Аляксандрам Кашкевічам, ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі і дапаможным б-пам Юзафам Станеўскім, прыйшло мноства вернікаў. У сваёй гаміліі, біскуп Юзаф наблізіў таямніцу прысутнасці Хрыста пад знакамі хлеба і віна і казаць свету пра прысутнасць Хрыста сярод людзей.
Непасрэдна пасля св. Імшы распачалася Эўхарыстычная працэсія вуліцамі горада. Загадзя да гэтага былі падрыхтаваныя 4 алтары, насупраць катэдральнага, пабрыгідскага, пабернардынскага і францішканскага касцёлаў. Вернікі на чале з Целам Езуса Хрыста, укрытым ў знаку хлеба і замешчаным у манстранцыі, затрымоўваліся насупраць гэтых алтароў, чыталі св. Евангелле, праслаўлялі Бога сваім спевам і ўзносілі малітвы.
На заканчэнне працэсіі, на францішканскім узгорку, кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў, святарам і ўсім вернікам за сведчанне веры і супольную малітву.
Св. Імшу ў катэдральным касцёле і на працэсіі Божага Цела ўпрыгожыў духавы аркестр і спеў хора "Сantate Domine" з парафіі Гродна-Вішнявец.