Skip to main content

Гродзенскі ардынарый выступіў з дакладам на ўрачыстасці ў Смаргоні

24 мая, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч разважаў над тэмай “Моладзь у жыцці Касцёла ў Беларусі”. Іерарх прадставіў агульны нарыс сітуацыі моладзі ў Беларусі, галоўных выклікаў, з якімі сустракаецца Каталіцкі Касцёл у душпастырскай дзейнасці адносна гэтай групы вернікаў, прадставіў сітуацыю моладзі ў Беларусі на гістарычным, грамадскім і культурным фоне, сфармуляваў некаторыя пастулаты, што датычацца душпастырскай дзейнасці Касцёла адносна моладзі, асабліва ў выхаваўчым аспекце.

“Можна сказаць, што бацькі сучасных маладых людзей – гэта пакаленне сямідзясятых-васьмідзясятых гадоў, выхаванае на схіле існавання Савецкага Саюза. (…) Каталіцкі Касцёл заставаўся вельмі абмежаваным у магчымасцях правядзення душпастырства, у тым ліку і ў сферы рэлігійнага выхавання, - адзначыў, у прыватнасці, выступоўца. - У выніку бацькі сённяшняй моладзі часта маюць вельмі абмежаванае і павярхоўнае веданне праўдаў веры, недастатковую прывязанасць да Касцёла і сакрамэнтальнага жыцця, а нярэдка яны ўвогуле называюць сябе людзьмі “веруючымі, але непрактыкуючымі”. Таму сучасныя маладыя людзі выносяць дастаткова малы духоўны багаж з сям’і”. Сёння, па словах біскупа, “Касцёл мае непараўнальна большыя магчымасці дзеяння, чым дваццаць-трыццаць гадоў таму”, але “нярэдка здараецца, што евангелізацыйныя і выхаваўчыя намаганні Касцёла нібы не знаходзяць водгуку – не сустракаюцца з зацікаўленасцю і прыняццем з боку адрасатаў”. У якасці прыкладу іерарх прывёў сітуацыю, калі пасля Першай святой Камуніі “ў кожнай, хіба, парафіі змяншаецца колькасць дзяцей, якія ўдзельнічаюць у катэхезе”.

Выступоўца пералічыў тыповыя элементы сённяшняй "культуры постмадэрнізму", прадставіўшы такім чынам акутальную сітуацыю моладзі ў Беларусі.

На сімпозіуме 24 мая, акрамя Гродзенскага ардынарыя, ў межах святкавання юбілею 25-годдзя прысутнасці салезіянскай супольнасці ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні выступілі з дакладамі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а таксама першы пробашч адроджанай смаргонскай парафіі кс. Генрых Куляшэвіч SDB.

 

 

 

Паводле Catholic.by

Фотаздымкі можна праглядзець тут