У нядзелю Божай Міласэрнасці адбылася падзея, якой чакаў увесь свет — папа Ян Павел ІІ быў залічаны да ліку святых. З нагоды кананізацыі Святога Айца ў гродзенскай катэдры адбылася ўрачыстасць унясення рэліквіі крыві св. Яна Паўла ІІ, была таксама асвечана фігура Папы – сімвал удзячнасці вернікаў.


Набажэнства падзякі за кананізацыю Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ сабрала ў касцёле святога Францішка Ксаверыя шмат вернікаў. Апоўдні ў катэдру былі ўрачыста ўнесены рэліквіі Святога Яна Паўла ІІ – кроплі крыві на матэрыяле, які змешчаны ў адмысловым рэліквіярыі.





Адразу пасля гэтага была асвечана фігура Яна Паўла ІІ, усталяваная ў бочнай наве катэдры. Яе аўтарам з’яўляецца гродзенскі мастак Васіль Мартынчук, ён на працягу пяці месяцаў разам са сваім сынам Арсеніем ствараў гіпсавую фігуру Пантыфіка, якая сягае ў вышыню больш за 2 метры.





Затым распачалася св. Імша, пасля якой святары і прысутныя на набажэнстве вернікі змаглі дакрануцца да рэліквіярыя ды памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца.







Рэліквіі св. Яна Паўла ІІ ахвяраваў для гарадзенскіх вернікаў арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, які ў свой час быў асабістым сакратаром Папы. Яны будуць захоўвацца ў гродзенскай катэдры каля алтара Маці Божай Ружанцовай.





Гамілія кс. Павел Салабуда
Гражына Шалкевіч
Фота: Вольга Сяліцкая
