Skip to main content

V Нядзеля Вялікага посту. С. Антонія Шэйгерэвіч

V Нядзеля Вялікага посту. С. Антонія Шэйгерэвіч

Ужо зусім мала часу аддзяляе нас ад свята Пасхі – калі перажываем смерць і змёртвыхпаўстанне Хрыста, чым аб’явіў дасканалую любоў Бога да чалавека. І вось сённяшняя пятая нядзеля посту кажа нам пра ўваскрашэнне Лазара. Але я хацела б, каб вы звярнулі ўвагу на Марту і Марыю, сясцёр Лазара. Вось іх брат хварэе і яны пасылаюць вестку Езусу:”Пане, той, каго Ты любіш, хворы” (Ян 11,3). Мы ведаем з Евангелля, што Хрыстос любіў гэтую сям’ю, лічыў іх сваімі сябрамі і любіў бываць у іх доме. Ці мы сапраўды чуем, што Бог нас любіць і ці пасылаю вестку да Пана аб маіх блізкіх, і ці магу паўтарыць за сёстрамі з Евангелля, называючы людзей “тыя, каго Ты любіш”.?

Бо здаецца нам, што разумею, што Бог мяне любіць, але ці адчуваю гэта сэрцам, ці дазваляю і запрашаю Бога ў сваё сэрца. Ён сапраўды той, хто мяне любіць. Цяпер магу адчуць Яго любоў таксама праз добра перажытую споведзь, можам чуем, што не маем цяжкіх грахоў, тады добра б было адкінуць у бок нашае шаблоннае прыгатаванне да сакраманту пакаяння, а звярнуцца да Езуса ў поўным даверы і запытаць Яго: "што Табе не падабаецца ўва мне, чым сапраўды я пакрыўдзіў Цябе?", і адказ мы знойдзем.

 

Вяртаемся да Марты і Марыі. Езус прыйшоў да іх, як брат іх ужо памёр. І Марта і Марыя на пачатку кажуць аднолькава Езусу:”Пане, калі б Ты быў тут, то не памёр бы брат мой!”(Ян 11, 21 і 32), толькі паводзяць сябе інакш. Марта, калі пачула, што Езус ідзе, выйшла Яму насустрач і размаўляла з Ім. А Марыя, “як прыйшла туды, дзе быў Езус, і ўбачыла Яго, яна ўпала да ног Яго і сказала”, тое, што яна ўпала да ног – азначае, што яна вызнае Яго як сапраўднага Збаўцу, а потым нічога не гаварыла, а толькі плакала. Езус пасля гэтага сам заплакаў і пасля гэтага загадаў адсунуць камень. Марта, якая перад гэтым казала, што верыць, што Езус гэта Месія, цяпер кажа Яму, што брат ужо чацвёрты дзень як памёр, не давярае Яму, што Езус можа зрабіць немагчымае. А Марыя, мне здаецца, усё разумее сэрцам, таму што спараўды адчула на сабе моц любові Езуса (як піша евангеліста Ян, што Марыя была той, якая “намасціла Пана мірам і абцерла Яму ногі сваімі валасамі” Ян 11, 2).

Падзякуем Богу за дар Яго любові да нас, і просім, каб адарыў нас моцнай верай, што дзякуючы Яго любові і ўсемагутнасці, Ён можа стварыць з нічога штосці, чаго няма, і знішчыць тое, што ёсць, толькі Ён можа забраць наш грэх і ўчыніць нас новым стварэннем, Ён ачышчае вобраз Бога ў нашай душы.