Гродзенскія католікі з новазбудаванага мікрараёна Альшанка, больш года накіроўваюць просьбы, каб атрымаць пад будову храма. Капліцу, каля якой кожную нядзелю праходзяць набажэнствы, плануюць знесці. Афіцыйна прапануюць розныя варыянты, але знайсці кампраміс пакуль не атрымліваецца.
Людзі моляцца на вуліцы
Невялічкая цагляная каплічка (4х4 метры) з крыжам на даху на ўскраіне фабрычнага, вядома, складана назваць храмам. Стаіць на ўзбочу. Вакол - невялікая агароджа і клумбы, на якіх летам заўсёды ёсць кветкі. Унутры - абразы, дываны і некалькі лавак. У памяшканні адначасова могуць знаходзіцца не больш за 20 чалавек. Таму падчас нядзельных набажэнстваў вернікі стаяць на вуліцы, а імправізаваны алтар выносяць на двор.
На нядзельную малітву да капліцы прыходзяць у любое надвор'е - і ў спякоту, і ў холад. Усе дзівяцца: за шмат гадоў ні разу не патрапілі пад дождж, ён цудоўным чынам спыняецца ці суціхае падчас св. Імшы. Тут праводзяць хрышчэнні, пахавальныя набажэнствы, асвячаюць велікодныя стравы, школьнікі рыхтуюцца да першай Св. Камуніі , а дарослыя рэгулярна збіраюцца маліцца на ружанцу. Па сутнасці, невялікі скравак на ўскраіне мікрараёна стаў яго духоўным цэнтрам.
Прапануюць месца, дзе нельга будаваць
Супольнасць Св. Духа, да якой адносіцца Альшанка і былы пасёлак Фабрычны, зарэгістраваная ў канцы 2012 года. Паводле апошняга перапісу, тут пражывае больш за 2,5 тысячы каталікоў. З іх - больш за 500 дзяцей, якія хочуць наведваць лекцыі рэлігіі. Пра гэта распавёў пробашч парафіі ксёндз Павел Салабуда.
Пакуль што парафіяльны касцёл ўмоўна замяняе невялічкая капліца. Пятнаццаць гадоў таму, калі Фабрычны яшчэ не быў далучаны ў межы Гродна, грошы на яе будаўніцтва збіралі ўсе парафіяне, будавалі сваімі рукамі. Кіраўніцтва сельсавета афіцыйнага дазволу на будаўніцтва не выдавала, ўчастак пад капліцу ня вылучала, але не перашкаджала збірацца на малітву і ня папярэджвала, што капліцу трэба зносіць.
Пасля працяглага часу раней нікому не патрэбны кавалачак зямлі з непрыкметнаю хаткай раптам стаўся запатрабавыны для горада. Тут павінна прайсці шасціпалосная дарога, якая злучыць мікрараён Альшанка з вуліцай Славінскага. Вернікі разумеюць - справа патрэбная, таму хочуць пабудаваць пастаянны храм на новым месцы. І зрабіць гэта спрабуюць з захаваннем усіх неабходных працэдур. Але справа застапарылася на этапе вылучэння ўчастка.
Месца пад будаўніцтва культавага будынка прадугледжана генпланам і знаходзіцца прыкладна ў кіламетры ад фабрычнага. Праўда, высветлілася, што тут каштоўная, ўрадлівая глеба, якая не можа быць выкарыстана не па прызначэнні без ўзгаднення з прэзідэнтам краіны: "Пляцоўка размешчана на высокаякасных землях сельскагаспадарчага прызначэння, якія не прызначаны пад мэты забудовы", - паведамляюць у галоўным упраўленні аблвыканкама па ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі. Але нават калі толькі тэарэтычна на гэтым участку дазволяць будаваць касцёл, то ён апынецца ў чыстым полі без якіх-небудзь камунікацый.
Спадзяюцца на цуд
Вернікі прапануюць выдзеліць для новага касцёла зямельны надзел на ўскрайку невялічкага гаю ў Альшанцы. Праўда, месца знаходзіцца побач са школай, якая будуецца. Акрамя таго, як аказалася, ён ужо прызначаны для іншых мэтаў.
У галоўным упраўленні аблвыканкама па ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі нам паведамілі: тут, згодна з рашэннем Гродзенскага гарвыканкама, запланаваныя будаўніча-мантажныя працы на аб'екце пад назвай "Добраўладкаванне з зонай адпачынку ў мікрараёне Паўднёвы-4".
Будаўніцтва новай дарогі ідзе поўным ходам. Капліца практычна знаходзіцца на будпляцоўцы. Бліжэйшыя касцёлы - у мікрараёнах Вішнявец і Паўднёвы. Здавалася б, рукой падаць, але каб дабрацца туды на аўтобусе з адной або дзвюма перасадкамі, неабходна ехаць хвілін сорак.
У афіцыйных адказах паведамляюць, што пытанне абмяркоўваецца, неабходна звярнуцца ў мясцовы выканаўчы камітэт з пісьмовай заявай. Цытуем :"У адпаведнасці з усталяваным парадкам для разгляду пытання аб выдзяленні зямельнага ўчастка рэлігійнай супольнасці, якая мае дзяржаўную рэгістрацыю, звяртаецца ў мясцовы выканаўчы орган (гарадскі выканаўчы камітэт) з пісьмовай заявай".
Ужо год абіваюць вернікі сходы кабінетаў. У мінулым годзе пад адным са зваротаў падпісалася 400 чалавек. Сёння спадзяюцца на цуд - падчас кожнага нядзельнага набажэнства моляцца аб тым, каб іх просьбы пачулі.
Іна Грышук