Skip to main content

IІІ Нядзеля Вялікага посту. С. Антонія Шэйгерэвіч

IІІ Нядзеля Вялікага посту. С. Антонія Шэйгерэвіч

Сённяшняе фрагмент Евангелля з’яўляецца даволі працяглым і вельмі багаты па зместу. У дыялогу жанчыны Самаранкі з Езусам асаблівую ўвагу хацелася б звярнуць толькі на некаторыя словы Хрыста: “Дай Мне піць” – просіць Езус у яе.

Кожны раз адкрываючы Святое Пісанне мы быццам бы звяртаемся да Пана гэтымі словамі “Дай мне піць”, бо толькі ў Яго ёсць жывая вада: “Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў запрагне, а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не запрагне навекі, але вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае” (Ян 5,14). Прыгожа піша пра гэта прарок Ісайя: “Сасмаглыя, усе ідзіце да водаў. І вы, якія не маеце срэбра, ідзіце. Ідзіце купляйце без срэбра і без платы за віно і малако. Навошта вы адважваеце срэбра за тое, што не ёсць хлебам, а працу сваю за тое, чым нельга насыціцца? Слухайце ўважліва Мяне і спажывайце дабро, і няхай душа вашая суцешыцца тукам. Схіліце вуха сваё і прыйдзіце да Мяне, паслухайце і жыць будзе душа ваша”( 55, 1-3). Чаму мы так часта наталяем нашую душу той вадою, якая не можа заспакоіць нашага сэрца? Сёння мы толькі хочам піць чыстую ваду, купляем у магазіне ваду або ставім спецыальныя прыстасаванні для ачышчэння вады, а для душы чэрпаем брудную ваду. Ведаем, што толькі Хрыстос – крыніца сапраўднай жывой вады, і ніхто і нішто іншае не зможа наталіць нашага прагнення.

 

“Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, што ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў. Але надыходзіць час, і цяпер ўжо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец. Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе”(Ян 4, 21). Ці ведаем мы Таго, каму пакланяемся? Варта ў часе Посту задаць сябе пытанне, ці намагаюся я лепш пазнаць Бога праз чытанне і разважання Св. Пісання і сапраўдны дыялог з Богам, бо Айцец шукае тых, “хто пакланяецца Яму ў Духу і праўдзе”(Ян 4, 23б).

Толькі перад Богам мы не можам крывадушнічаць, але станавіцца перад Ім такімі, кім мы ёсць на самай справе, бо Ён і так нас ведае, ведае нашае сэрца, любіць нас. Яго любоў немагчыма заслужыць, бо Ён любіць нас не дзеля нашых заслуг, а толькі таму, што так хоча. Ён заўсёды чакае нас, каб прыняць ў свае абдымкі. І толькі перад Ім і з Ім мы можам пазнаць праўду пра самых сябе і не баяцца яе, бо Яго праўда вызваляе да сапраўднага жыцця і свабоды.

Будзем прасіць Госпада, каб адарыў нас ласкай пазнання сямых сябе і дапамог плённа перажыць часу Вялікага Посту, а таксама годна, у праўдзе прыступіць да сакраманту пакаяння.