Skip to main content

Езус у Гродне

У нядзелю, 2 лютага, у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы кожны жадаючы мог убачыць як Езус Хрыстус Нарадзіўся ў горадзе Гродна. Гаворка ідзе аб тэатральным прадстаўленні парафіальнага тэатра імя Яна Паўла II пад назвай "Неба+Зямля=Збаўленне".

Выступленне прайшло ў форме школьнага ўрока, ў якім прапаноўвалася гледачам уявіць сабе, як выглядала бы Божае Нараджэнне ў нашыя часы, у нашым горадзе.

Ці знойдзе Езус сабе месца ў сучасным горадзе сярод людзей, якія занятыя сваімі штодзённымі справамі?

У спектаклі была адлюстравана сённяшняя пастава да нашага асабістага жыцця і жыцця людзей, якія нас акружаюць. Кожны з гледачоў мог адшукаць сябе ў выглядзе: школьніцы "робата", якая заўсёды кудысьці спяшаецца, або ўрача хуткай дапамогі, які акунуўся ў сваю кар'еру з галавой, або маладой пары, якая праз багацце зусім не клапоціцца аб сапраўдным сямейным шчасці, ці артысткі-зоркі (спявачкі), якая марыць толькі аб вялікай колькасці паклоннікаў, або маладой дзяўчыны, якая толькі нацэлена на свій знешні выгляд, ці бабулі, пакінутай адной сустракаць Каляды. Усе гэтыя людзі забыліся пра сапраўднае шчасце і зачынілі свае сэрцы на Божую любоў, шукаючы свайго мейсца ў сучасным свеце. Але Езус прыходзіць, каб даць нам гэтае шчасце, вырваць нас з нашых клопатаў, накіраваць у правільны бок нашыя таленты і магчымасці, перамяніць нашае жыццё ў неймаверны спосаб.

Пасля заканчэння спектаклю ўсе гледачы атрымалі дамашняе заданне, каб заўважаць Езуса Хрыста ў сваім штодзённым жыцці і ў людзях, якіх мы спатыкаем кожны дзень на сваім жыццёвым шляху.

Я ж пакідаў залу з пытаннем да самаго сябе, а як бы я адрэагаваў, калі б Езус пастукаў у дзверы майго дому..?

Барцэвіч Павел