Skip to main content

Пастар разважае аб адзінстве хрысціян

Малюкевіч ДзмітрыйМы не так даўно перажывалі Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян. Пастар царквы хрысціян поўнага Евангелля "Жывое Слова" г. Гродна Малюкевіч Дзмітрый даслаў нам сваё разважанне, у якім дзеліцца сваім бачаннем еднасці хрысціян.

Мы часта чуем: "У адзінстве - сіла", і гэта праўда. Аднак узнікае пытанне, як дасягнуць адзінства? Часам гэта здаецца неажыццяўляльнай задачай. Нам хрысціянам неабходна не проста на словах сфармуляваць прынцып адзінства, але ажыццявіць на практыцы справы і ўчынкі, якія адлюстроўваюць гэта. Збаўца заклікаў сваіх вучняў да адзінства і маліўся так: "Каб усе былі адно; як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны быі ў На, каб свет уверыў, што Ты Мяне паслаў" (Ян 17,21).

Ва ўзаемаадносінах людзей існуе саюз, які пабудаваны на гэтым законе. Гэта - сям'я. Сям'я ствараецца працай любові, дараваннем і міласэрнасцю, узаемнай падтрымкай і клопатам.

Царква гэта - сям'я Божая. Мы Яго дзеці і таму нам неабходна рабіць у адпаведнасці з воляй Божай!

"Але на пачатку стварэння мужчынай і жанчынай стварыў іх Ён. Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці, ды злучыцца з жонкай сваёю, ды будуць двое адным цеам; значыць іх ўжо не двое, але адно цела. Што вось Бог злучыў, хай чалавек не разлучае". (Мк 10,6-9)

Царква як і сям'я створана і падтрымліваецца Божай рукой, але не толькі Яго сіла, але ўсё Яго сэрца поўнае любові і ласкі прысвечана гэтым інстытутам!

Разумеючы і прымаючы гэтую задуму, нашыя сэрцы адкрываюцца для шчырай малітвы і дзеянняў са стваральнай сілай адзінства. Госпад хай дабраславіць усіх нас у стварэнні Цела Яго.

Малюкевіч Дзмітрый