IIІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч
Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам Езуса як святло, якое асвячае нашую цемру. Ён той, Хто асвятляе цемру нашай душы і сэрца, дзе пануе грэх: Хрыстос, як усходзячае сонца, ззяе сваёй ласкай прабачэння і любові.
Езус кажа кожнаму з нас: “Навяртайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае” (Мц 4, 17). З грэцкай мовы слова “навяртацца” азначае “змяняць мысленне”. Як казаў яшчэ прарок Ісая, “вашыя мыслі - не мае мыслі і вашыя дарогі - не мае дарогі, - кажа Пан”.
Кожны з нас патрабуе навяртання: змяняць свае думкі і жаданні на прыкладзе Хрыста, - і трэба рабіць гэта пастаянна. Мы вельмі часта ідзем за голасам спакусы, а не Духа Святога. Каб ісці за Хрыстом, як зрабілі гэта Пётр і Андрэй, Якуб і Ян, трэба адчуць на сабе позірк Бога, адчуць Яго сваім сэрцам. Евангеліст піша: “Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў…”. “Убачыць” – гэта заўважыць, як маланка заззяе на небе, - там Хрыстос глядзіць на нас, бачыць так, як ніхто іншы: Ён ведае нас, нашае сэрца і патаемныя мары; ведае, што часам нам не хапае адвагі, каб зрабіць так, як падказвае нам нашае сэрца. Але калі мы сустрэнем у сваім сэрцы Яго погляд, поўны любові і даверу, толькі тады мы зможам змяніць нашае жыццё і пайсці за Хрыстом, бо там, дзе Ён – там і Яго Валадарства, Каралеўства Божае сапраўднай безмежнай любові.
Хай Дух Святы дапаможа нам адчыніць тыя вароты нашага сэрца, дзе яшчэ не ззяе Яго Святло, каб мы, дзякуючы Яго ласцы, змянялі нашыя ўчынкі і мыслі; заўсёды адчувалі Яго позірк, які прабачае і ніколі не пакідае нас. Хрыстос заўсёды з намі, і кожнага хоча ўзяць у свае абдымкі.