У жодзінскай парафіі Маці Божай Фацімскай 12 снежня адбылася прэзентацыя музычнага евангелізацыйнага праекта "Рыбы" і першага альбома "Захапляюся".
Сам праект паўстаў са Школы Хрысціянскага Жыцця і Евангелізацыі, удзельнікамі якой з’яўляюцца яны самі. Душпастырам праекту з'яўляецца а. Міхаіл Цвячкоўскі MIC, а мастацкім кіраўніком — Алена Кот.
Чаму называюцца менавіта “Рыбы”? Удзельнікі кажуць: “Госпад закінуў сеці свае і злавіў нас, “Рыб”, каб мы служылі на прасторах роднай зямлі музыкай, і каб праз нашае служэнне лавіць іншых “рыб” для пашырэння Валадарства Айца нябеснага”.
Усё распачалося Святой Імшой у 11.00, якую сваім спевам упрыгожылі “Рыбы”. Пасля адбылася малітва праслаўлення, падчас якой маліліся і за ўсіх хрысціянскіх музыкантаў, за іх духоўнае і прафесійнае развіццё, за іх служэнне.
Калі сказаць, што было цудоўна, гэта значыць не сказаць нічога. Столькі запалу, эмоцый, перажыванняў! Была бачна цяжкая і доўгая падрыхтоўка да гэтай падзеі. Музыка і спеў удзельнікаў выклікалі прыемныя ўсмешкі на тварах людзей, розныя пачуцці, якія можна было бачыць у вачах. Асабліва падчас малітвы адчуваўся нейкі асаблівы дух яе перажывання. Як кажуць, душа разгарнулася. Святы Дух дакранаўся.
Маладыя людзі, “Рыбы”, усе розныя, са сваімі характарамі і гісторыямі, сабраліся разам дзеля агульнай мэты: служыць і праслаўляць свайго Валадара і Створцу. І рабіць гэта не пад прымусам, не абыякава, а з поўным адданнем і жаданнем. А яшчэ вельмі важна, удзельнікі евангелізацыйнага праекту не збіраюцца спыняцца, хочуць развівацца і ўдасканальваць свае таленты, бо самае лепшае толькі для Бога!
Вераніка Тоўсцік
Ніжэй кампазіцыі гэтага праекта: